Чарнобыльскі Пілат ці ахвяра сыстэмы? Кім насамрэч быў кіраўнік БССР Мікалай Сьлюнькоў

Мікалай Сьлюнькоў і Чарнобыльская АЭС. Каляж

Якая роля тагачаснага кіраўніка Савецкай Беларусі Мікалая Сьлюнькова ў наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС для мільёнаў Беларусаў? Чаму, замест таго, каб папярэдзіць людзей пра небясьпеку радыяцыі, Сьлюнькоў вырашыў маўчаць?

Лічыцца, што асабістыя чалавечыя якасьці найбольш выразна выяўляюцца менавіта ў экстрэмальных сытуацыях. Калі спраецыраваць гэты закон на грамадзтва: лёс цэлага народу, прычым у пакаленьнях, можа залежаць ад якасьцяў аднаго чалавека — ад абранай ім лініі паводзінаў і здольнасьці супрацьстаяць абставінам. На пэўным этапе гісторыі савецкай Беларусі такім чалавекам быў Мікалай Сьлюнькоў.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году была катастрофай такога маштабу, якога чалавецтва ў сваёй гісторыі яшчэ ня ведала. І ўсё ж большасьць навукоўцаў і мэдыкаў сыходзяцца на думцы, што шмат якія наступствы можна было б прадухіліць, калі б у самыя першыя дні і тыдні былі зробленыя неабходныя захады. Як мінімум, можна было своечасова папярэдзіць людзей пра небясьпеку радыяцыі і раздаць ёд, скасаваць заняткі ў школах і адмяніць першамайскія дэманстрацыі.

Даць каманду на гэтыя і іншыя крокі ў БССР мог толькі адзін чалавек — першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Мікалай Сьлюнькоў. Але ён гэтага не зрабіў. Чаму? І што залежала ад сыстэмы, а што — ад асобы самога Сьлюнькова?

Адказ на гэтае пытаньне мы паспрабавалі знайсьці разам з дасьледчыкам гісторыі Беларусі савецкага пэрыяду, кандыдатам гістарычных навук Дзянісам Марціновічам.

Першы сакратар Цэнтральнага камітэту кампартыі Беларусі быў фактычным кіраўніком рэспублікі: практычна ва ўсіх пытаньнях, ад эканомікі да адукацыі, уключна з кадравымі прызначэньнямі, ягонае слова было вырашальным. Падпарадкоўваўся ён толькі генэральнаму сакратару ды некалькім членам Палітбюро ЦК КПСС — і больш нікому.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы кіраўнік БССР Мікалай Сьлюнькоў, якога Алесь Адамовіч назваў «Чарнобыльскім Пілатам».

«Шанцы застацца ў гісторыі ня самым дрэнным кіраўніком БССР у яго, відавочна, былі»

Дзяніс Марціновіч пагаджаецца з думкаю, што ў Сьлюнькова былі шанцы лічыцца ня самым горшым кіраўніком БССР (вядома, з папраўкай на тое, што сама савецкая сыстэма была не ідэальная) — калі б не падзея, якая адбылася ў 1986 годзе ў дзень ягонага нараджэньня, 26 красавіка.

— Упэўнены, што так, такія шанцы, відавочна, былі. Бо галоўны папрок на адрас Сьлюнькова якраз тычыцца яго дзеяньняў падчас Чарнобылю, — разважае Дзяніс Марціновіч. — Дакладней, іншых грахоў у яго хапала, але яны не адыгрывалі такой ролі ва ўспрыманьні значнай часткі грамадзтва.

Дзяніс Марціновіч

Мэмуарысты сьцьвярджаюць, што Сьлюнькоў наганяў страху на атачэньне, падначаленыя яго баяліся. Але ў народнай міталёгіі жорсткасьць, сіла, уладарнасьць — гэта і ёсьць рысы сапраўднага начальніка. Калі ж да ўлады прыходзіць клясычны інтэлігент, схільны да кампрамісаў, то яго век ва ўладзе нядоўгі (успомніце кароткую кар’еру прафэсара Станіслава Шушкевіча).

Пры Сьлюнькову на кіроўныя пасады прызначаліся толькі гаспадарнікі, у цэлым абыякавыя да культуры і гісторыі сваёй краіны. Але гэта і практыка апошніх дзесяцігодзьдзяў ужо ў незалежнай Беларусі.

Пры гэтым кіраўніку БССР зруйнавалі будынак першага менскага тэатру на плошчы Свабоды. Але каго гэта магло зьбянтэжыць у краіне, дзе забудоўшчык можа беспакарана зьнесьці першую менскую электрастанцыю і пабудаваць на гэтым месцы комплекс «Кемпінскі»? А было ж яшчэ і барбарскае зьнішчэньне Нямігі пры Машэраву. Але частка беларусаў усё роўна ім захапляецца — для мяне гэта адзін з парадоксаў.

Пры Сьлюнькову працягвала зьмяншацца колькасьць дзяцей, якія навучаліся па-беларуску. Але ж беларускія школы куды больш актыўна закрываліся якраз пры Машэраву.

Да таго ж Сьлюнькоў сапраўды нядрэнна разьбіраўся ў эканоміцы, узровень жыцьця пры ім палепшыўся. Таму ўсе шанцы застацца ў гісторыі ня самым дрэнным кіраўніком БССР у яго, відавочна, былі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іван Антановіч пра Машэрава і Сьлюнькова, таямніцу гібелі Купалы і канфлікт у Драздах

«У ім сядзеў чыноўніцкі страх»

— У СССР першая афіцыйная інфармацыя пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС зьявілася толькі празь некалькі дзён і ня ўтрымлівала ні слова пра небясьпеку для здароўя, а генэральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў выступіў па тэлебачаньні са зваротам да савецкага народу толькі праз два тыдні, 15 траўня. Прычым значная частка выступу была прысьвечаная крытыцы рэакцыі на аварыю з боку Захаду, у прыватнасьці, «разнузданной антисоветской кампании» «средств массовой информации некоторых стран, особенно США». Радыяцыйныя хмары праліліся дажджом над галовамі мільёнаў людзей, якія вымушаныя былі даведвацца пра сытуацыю са «Свабоды», «Голасу Амэрыкі», ВВС ды іншых заходніх радыёстанцый.

У Беларусі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі (іншых тады не існавала) пра небясьпеку маўчалі, а 1 мая ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах прайшлі абавязковыя ў той час сьвяточныя дэманстрацыі — на вуліцу выйшлі сотні тысяч людзей, у тым ліку школьнікі...


—Што Сьлюнькоў павінен быў рабіць з пункту гледжаньня здаровага сэнсу і неабходнасьці ратаваць людзей? Расказаць ім пра небясьпеку, бо спэцыялісты ўжо ў першыя дні сфармулявалі для яго асноўныя праблемы, ён валодаў агульнай сытуацыяй. Трэба было выступіць па тэлебачаньні (што было б найбольш эфэктыўна) ці прынамсі на нейкім прадстаўнічым сходзе (даць сыгнал эліце). Раздаць людзям ёд. Параіць не выходзіць на вуліцы і адмяніць першамайскія дэманстрацыі. Так, Сьлюнькова, відавочна, маглі зьняць з пасады, але тысячы людзей мелі б шанец на выратаваньне.

Гаворка, як бачыце, пра комплекс дзеяньняў. Цікава, што тагачасны кіраўнік Украіны Ўладзімір Шчарбіцкі да апошняга спрабаваў адмяніць дэманстрацыю ў Кіеве. То бок рэалізаваць хоць адзін з элемэнтаў такой праграмы. Так, прынамсі, сьцьвярджаў у мэмуарах ягоны дарадца Ўладзімір Урублеўскі. Але Міхаіл Гарбачоў украінскаму лідэру адмовіў. У выніку Шчарбіцкі пайшоў на дэманстрацыю з унукамі.


На ўкраінскім прыкладзе бачна, што і спроба адмяніць дэманстрацыю, і іншыя падобныя дзеяньні маглі б скончыцца няўдачай. Але пра эфэктыўнасьць іх у Беларусі мы ніколі не даведаемся, бо Сьлюнькоў нават не спрабаваў зрабіць хоць нешта аналягічнае. У гэтым, у адсутнасьці дзеяньняў і хаця б спробаў такіх дзеяньняў, бачу ягоную галоўную памылку і нават злачынства.

Гіпатэтычна мы можам зразумець, чаму ён так сябе паводзіў: у ім сядзеў чыноўніцкі страх, ён баяўся за сябе і за сваю кар’еру. Падчас адной з сустрэч Сьлюнькоў сказаў навукоўцу Васілю Несьцярэнку, які патрабаваў ад яго зрабіць неадкладныя захады: «Ты што, не разумееш палітычнага моманту? А што будзе, калі мы адселім людзей, а гэта акажацца дарэмным?». У гэтых словах — разгадка ўсёй палітыкі лідэра БССР у тыя дні.

«Бязьлітасная, ледзь не садысцкая жорсткасьць да падначаленых»

Лічыцца, што асабістыя чалавечыя якасьці найбольш выразна выяўляюцца менавіта ў экстрэмальных сытуацыях. І часта вынік такіх сытуацыяў залежыць ад таго, якая лінія паводзінаў абраная, наколькі асоба здольная супрацьстаяць абставінам. Калі спраецыраваць гэты закон на грамадзтва, выяўляецца, што лёс цэлага народу, прычым у пакаленьнях, можа залежаць ад якасьцяў аднаго чалавека. Што ў паводзінах Мікалая Сьлюнькова пасьля 26 красавіка 1986 году было перадвызначана ягоным характарам, а што — закладзена савецкай сыстэмай?

— На гэтае пытаньне адназначна адказаць, бадай, немагчыма. З аднаго боку, Сьлюнькоў быў надзвычай жорсткім чалавекам. Я чытаў дзясяткі мэмуараў пра той пэрыяд — і іх аўтары, якія непасрэдна кантактавалі з тагачасным лідэрам БССР, вылучалі якраз жорсткасьць як яго ключавую рысу характару. Менавіта яна перакрывала станоўчыя якасьці: працавітасьць, стараннасьць, здольнасьць аналізаваць сытуацыю і г.д.

Прычым пра тое казалі нават ягоныя падначаленыя: сакратар ЦК па сельскай гаспадарцы Мікалай Дземянцей (папярэднік Шушкевіча на пасадзе сьпікера парлямэнту), будучы прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч ды іншыя.

Пісьменьнік Валянцін Блакіт, які працаваў у ЦК партыі, пісаў у мэмуарах, што Сьлюнькову была ўласьцівая «бязьлітасная, ледзь не садысцкая жорсткасьць да падначаленых яму людзей». Паводзіны кіраўніка БССР у 1986-м шмат у чым тлумачацца менавіта гэтымі рысамі характару. Бо жорсткасьць прыводзіла да нежаданьня і няўменьня слухаць іншых людзей (перш за ўсё спэцыялістаў).

Але, з другога боку, Сьлюнькоў быў ва ўладзе ўжо 14 гадоў. У 1972-м яго забралі з вытворчасьці (ён быў дырэктарам Менскага трактарнага) і зрабілі першым сакратаром менскага гаркаму. Адтуль адправілі ў Маскву — намесьнікам старшыні Дзяржпляну СССР (гэтая пасада адпавядала міністэрскай). У 1983-м прызначылі кіраваць БССР. За гэты час ён стаў часткай сыстэмы. Па-іншаму і быць не магло. Бо адбор ва ўладу быў калясальны. Выпадковы чалавек трапіць на Алімп ня мог (прыклад Гарбачова — бадай, выключэньне з правілаў).

Мне здаецца, што асабістыя якасьці і рысы, уласьцівыя сыстэме, у нейкі момант перапляліся. І Сьлюнькоў стаў яе неад’емнай часткай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За бязьдзеяньне будуць судзіць, як за 1937 год», — экс-дырэктар ядзернага інстытуту пра наступствы аварыі на ЧАЭС у Беларусі

«Сваімі паводзінамі задалі праграму дзеяньняў усім чыноўнікам»

—​ Часткай савецкай сыстэмы былі ўсе, хто займаў якія-небудзь пасады ў партыйна-дзяржаўным апараце — ад сакратаркі ў сельсавеце да першага сакратара ЦК. Існавалі пэўныя правілы, пераступіць празь якія «чалавек сыстэмы» ня мог, незалежна ад сваёй пасады — напрыклад, ляяльнасьць да вышэйшай улады, вернасьць (хаця б публічная) «ідэям марксізму-ленінізму».

Таму ўявіць, што ў крэсьле кіраўніка БССР у 1986 годзе апынуўся чалавек, які меў бы адрозныя ад камуністычных перакананьні ці публічна выказаў бы нязгоду з пазыцыяй Крамля, немагчыма. Той жа Гарбачоў да моманту абраньня на пасаду генэральнага сакратара выяўляў максымальную адданасьць сваім папярэднікам Брэжневу, Андропаву і Чарненку.

І таму не пазбаўленае сэнсу пытаньне: калі б на месцы Сьлюнькова быў нехта іншы, ці была б лепшай сытуацыя ў Беларусі пасьля 26 красавіка 1986-га?


— Калі ў двух словах, то было б крыху лепш, але не кардынальна.

Цяпер падрабязьней. Існуе вялікая спакуса зваліць на Сьлюнькова ўсе памылкі, зробленыя беларускай уладай у 1986-м. Для мяне ягоныя дзеяньні былі злачыннымі, гэта бясспрэчна. Але ж ён быў не адзіны.

Ёсьць цудоўнае выказваньне пісьменьніка Алеся Адамовіча. Ён казаў, што Сьлюнькоў быў часткай сыстэмы, якая, далей працытую, была «не запраграмаваная на зваротную сувязь, неўспрымальная да чужога болю і да чужых, не апаратных пачуцьцяў».


Паводле Адамовіча, і Сьлюнькоў, і другі сакратар беларускай кампартыі Генадзь Барташэвіч, і прэм’ер-міністар Міхаіл Кавалёў сваімі паводзінамі задалі праграму дзеяньняў усім чыноўнікам.

Калі посьпехі тых жа работнікаў мэдычнага нагляду (ад міністра да лекараў санэпідэмстанцыі) ацэньваліся не па тым, ці строга яны сачылі за прадуктамі харчаваньня, а наадварот, наколькі іх дзейнасьць і паводзіны адпавядаюць прынцыпу: няма падстаў для панікі.

Магчыма, той жа Георгі Таразевіч, у 1986 годзе кіраўнік Вярхоўнага Савету БССР, дзейнічаў бы інакш і дзесьці згадзіўся б з тым жа Несьцярэнкам? Можа, так, а можа і не. Бо, давайце скажам шчыра, пазьней пра свае дзеяньні хлусілі шмат хто з прадстаўнікоў эліты. Празь дзевяць гадоў Таразевіч, які сышоў у апазыцыю, даваў інтэрвію «Рэгіянальнай газеце» і заявіў, што даведаўся падрабязнасьці пра аварыю ад кіраўніка БССР толькі 1 мая. Але ёсьць інтэрвію паэта Генадзя Бураўкіна (у 1986-м узначальваў Дзяржтэлерадыё БССР), дзе ён расказваў, што Сьлюнькоў, Барташэвіч і Таразевіч сабраліся на нараду яшчэ 28 красавіка. Прычым засядалі яны якраз у кабінэце Таразевіча. І Бураўкін тэлефанаваў туды, каб даведацца пра плян далейшых дзеяньняў.

Так, праз гады Таразевіч праявіў сябе лепшым чынам. Яго выступ у парлямэнце ў 1991 годзе відавочна дапамог зацьвердзіць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг як дзяржаўную сымболіку. Але ў сытуацыі 1986 году я больш веру Бураўкіну — як незацікаўленай асобе.

У вышэйшым кіраўніцтве быў сакратар ЦК па ідэалёгіі Аляксандар Кузьмін, які ў першыя ж дні пасьля Чарнобылю перадаў інфармацыю пра сапраўдны ўзровень радыяцыі Алесю Адамовічу, уступіў у канфлікт са Сьлюньковым і неўзабаве быў адпраўлены на пэнсію. Але Кузьмін быў прадстаўніком іншага, яшчэ машэраўскага пакаленьня. Кіраўніком БССР ён стаць ня мог. Ва ўладзе знаходзілася каманда Сьлюнькова. Таму я сумняюся, што хтосьці зь іх дзейнічаў бы кардынальна інакш, чым іхны шэф.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы лідэр БССР Сакалоў, які «карміў» Ленінград і Паўночны флёт

«Ён ня думаў катэгорыямі гісторыі і вечнасьці»

—​ Праз год пасьля чарнобыльскай катастрофы Мікалай Сьлюнькоў быў пераведзены ў Маскву, стаў сакратаром ЦК КПСС і паўнамоцным членам Палітбюро (трэці беларус, пасьля Мазурава і Грамыкі, які ўвайшоў у гэты найвышэйшы арэапаг улады СССР). Шмат хто ўбачыў у тым прызначэньні ўзнагароду за «правільныя» паводзіны менавіта ў чарнобыльскай сытуацыі.

Аднак знаходжаньне на савецкім Алімпе было нядоўгім, а ў пэўны момант і палітычна некамфортным.

У 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР запрасіў Сьлюнькова і Таразевіча (у той час — члена Прэзыдыюму ВС СССР) прыехаць у Менск і даць справаздачу пра свае дзеяньні пасьля аварыі на ЧАЭС. Таразевіч прыехаў, выступіў на сэсіі, потым асобна сустрэўся зь некаторымі дэпутатамі. Сьлюнькоў запрашэньне праігнараваў — тым самым не скарыстаўшыся шанцам патлумачыць беларускаму народу (сэсія ішла ў жывой трансьляцыі) матывы сваіх паводзінаў.

Былі і іншыя магчымасьці хаця б паспрабаваць апраўдацца. Чаму Сьлюнькоў імі не скарыстаўся? Яму было ўсё роўна, якім ён застанецца ў гісторыі?


— На маю думку, прычын як мінімум дзьве.

Па-першае, Сьлюнькоў у глыбіні душы ўсё ж разумеў памылковасьць сваіх дзеяньняў. Генадзь Бураўкін пазьней прыгадваў у інтэрвію, як сустрэўся са Сьлюньковым на юбілеі аднаго са службоўцаў праз гады, калі абодва ўжо былі на пэнсіі. Экс-кіраўнік БССР тады сказаў паэту: «Вы, напэўна, ня можаце мне дараваць Чарнобыль?». А потым прызнаўся, што адчувае за сабой віну. Але гэта пакуль адзінае такое выказваньне, якое я адшукаў. У нешматлікіх інтэрвію Сьлюнькоў усяляк даказваў, што дзейнічаў правільна.

Але адна справа — размаўляць з пэўным чалавекам сам-насам, зусім іншая — выступаць перад вялікай заляй. Ды яшчэ і падчас жывой трансьляцыі на ўсю краіну. Дыскамфорт відавочны, з пункту гледжаньня Сьлюнькова — лепш яго пазьбегнуць.

Па-другое, экс-кіраўнік БССР быў з тых партыйных чыноўнікаў, што ня ўмелі і не любілі выступаць перад непадрыхтаванай аўдыторыяй. Выступалі толькі перад тымі, хто ладзіў авацыі ў патрэбныя моманты.

У 1989-м, за год да таго запрашэньня ў Вярхоўны Савет БССР, здарылася забастоўка на Кузбасе. Сьлюнькова адправілі туды як сакратара ЦК КПСС па эканоміцы і, што галоўнае, члена ўсёмагутнага Палітбюро. Захаваліся ўспаміны пра той візыт, якія пакінуў Міхаіл Найдаў, тады генэральны дырэктар аб’яднаньня «Пракоп’еўсквугаль». Ён расказваў (далей працытую), што «ў Пракопʼеўску Сьлюнькоў ад страху дрыжэў, не па-мужчынску раскрыўся. Ад яго пальцаў у мяне сінякі на рэбрах засталіся. Ён усё хапаўся за маю талію, баяўся ад мяне адстаць, калі нам даводзілася выходзіць да мужыкоў. А выходзілі ж і ноччу... Ён тады ве-е-ельмі баяўся».

Ёсьць і іншыя згадкі, што падчас адной з сустрэч з забастоўшчыкамі Сьлюнькоў нават расплакаўся.

Відавочна, што ён перажыў тады стрэс. Як сябе будуць паводзіць дэпутаты беларускага парлямэнту, Сьлюнькоў прадбачыць ня мог. Таму вырашыў не рызыкаваць і ў Менск з Масквы ня ехаць.

Натуральна, яму, як любому чалавеку, было непрыемна чуць крытыку і папрокі за дзеяньні падчас Чарнобылю (як мы з вамі разумеем, справядлівыя). Але ўпэўнены, што катэгорыямі гісторыі і вечнасьці ён ня думаў. Бо іначай паводзіў бы сябе зусім па-іншаму. Як — мы ўжо ніколі не даведаемся.

Але ў выніку ён і іншыя чыноўнікі таго часу засталіся ў гісторыі Беларусі людзьмі, якія хавалі ад народу праўду пра Чарнобыль. Найбольш афарыстычна выказаўся Алесь Адамовіч, які назваў Сьлюнькова «чарнобыльскім Пілатам». Менавіта з гэтай характарыстыкай ён у гісторыі перш за ўсё і застанецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як БНФ дамогся праўды пра Чарнобыль
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьлюнькоў і Адамовіч. Пілат і праведнік