Гэта як мінімум трэцяе прыпыненьне баявых дзеяньняў з моманту выбуху гвалту ў гэтым месяцы, але папярэднія замірэньні сталіся неэфэктыўнымі, піша BBC.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што 72-гадзінная паўза ў баях узгоднена паміж арміяй і ваенізаванымі «Сіламі хуткай падтрымкі» (RSF) пасьля 48 гадзін перамоваў.
Сама меней 400 чалавек забітыя пасьля таго, як пачаліся баі 15 красавіка. Абодва бакі канфлікту, незалежна адзін ад аднаго, заявілі аб сваім удзеле ў спыненьні агню.
Жыхарам пашкоджанай баямі сталіцы Хартум загадалі заставацца ў горадзе, а запасы харчу і вады тым часам заканчваюцца. Эскаляцыя закранула ключавую інфраструктуру, напрыклад вадаправод, і некаторыя людзі вымушаныя піць з ракі Ніл.
Спыненьне агню можа дазволіць мірным жыхарам пакінуць горад. Замежныя ўрады таксама спадзяюцца, што гэта дазволіць працягваць эвакуацыю сваіх грамадзян з краіны. Краіны паспрабавалі эвакуаваць сваіх дыпляматаў і цывільных асоб, бо баі ішлі ў цэнтральных, густанаселеных раёнах сталіцы. Раней Блінкен заявіў, што некаторыя канвоі, якія спрабавалі вывезьці людзей, сутыкнуліся з «рабаваньнямі і марадэрствам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна сілавікоў у Судане: Падчас беспарадкаў загінулі як найменей 56 цывільных асобаў, колькасьць загінулых вайскоўцаў невядомаяСудан пакутуе ад «адключэньня інтэрнэту», цяперашняе падключэньне забясьпечвае толькі 2% ад звычайнага ўзроўню, заявіла ў панядзелак група маніторынгу NetBlocks. У Хартуме не працуе інтэрнэт зь вечара 23 красавіка.
Мяркуецца, што дзясяткі тысяч людзей, у тым ліку грамадзяне Судану і грамадзяне суседніх краін, уцяклі з краіны ад беспарадкаў.
Узброенае супрацьстаяньне ў Судане адбываецца паміж рэгулярным войскам і ваенізаванай праўрадавай групоўкай «Сілы хуткай падтрымкі», якая не ўваходзіць у склад рэгулярнай арміі Судану і не падпарадкоўваецца яго Міністэрству абароны. У 2019 годзе яна падтрымала вайсковы пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады аўтарытарны прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр. У 2021 годзе арганізацыя, у якой каля 100 тысяч чалавек, падтрымала другі вайсковы пераварот, які адклаў перадачу ўлады цывільнай адміністрацыі.
Армія і цывільныя чыноўнікі патрабуюць, каб «Сілы хуткай падтрымкі» ўключылі ў склад Узброеных сіл. Перамовы аб гэтым павінны былі скончыцца да 1 красавіка, аднак заплянаванае падпісаньне пагадненьня перанесьлі на няпэўны тэрмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас спробы перавароту ў Судане пацярпеў грузавы самалёт беларускай кампаніі, там цяпер 10 беларусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Судане ідуць баі паміж сілавымі структурамі краіны. Што не падзялілі і адкуль там украінскія самалёты