Інстытут SIPRI: за 2022 год выдаткі Беларусі на войска павялічыліся на 8%

Бусел побач з часткай ракеты, запушчанай расейскім войскам па Кіеўскай вобласьці, 19 красавіка 2023

Сусьветныя выдаткі на войска істотна вырасьлі, у некаторых краінах рэкордна. Украіна паставіла рэкорд за ўвесь час назіраньняў.

Агульныя сусьветныя выдаткі на войска ў 2022 годзе вырасьлі на 3,7% у рэальным выражэньні і дасягнулі новага максымуму ў 2 240 мільярдаў даляраў. Вайсковыя выдаткі ў Эўропе павялічыліся на 13%, і гэта пераважна зьвязана з вайной Расеі супраць Украіны. Пра гэта піша ў гадавой справаздачы Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблем міру (SIPRI).

На долю трох краін, якія выдаткавалі больш за ўсё ў 2022 годзе (ЗША, Кітай і Расея) прыпала 56% ад агульнага сусьветнага аб’ёму.

«Мілітарныя» выдаткі Беларусі склалі 802,78 млн даляраў, яны павялічыліся на 7,86% у параўнаньні з 2021 годам. Такім чынам, Менск траціць на войска 1,2% ВУП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцы зь Беларусі, якія вучыліся ў Расеі абыходзіцца з ракетамі «Іскандэр-М», вярнуліся на радзіму

Самы высокі рост выдаткаў у гэтай сфэры ў Эўропе адбыўся ў Фінляндыі, якая ўступіла ў NATO — на 36%. Істотна вырасьлі выдаткі і ў Літве — на 27%. У Швэцыі на 12%, а ў Польшчы на 11%.

На тле вайны ва Ўкраіне ў Расеі патрацілі на войска 4,1% ВУП, у 2021-м было 3,7%. У працэнтным вымярэньні Масква патраціла на сваё войска на 9,2% больш — 86,4 мільярда даляраў.

Украіна, якая абараняецца ад расейскай агрэсіі, выдаткавала на сваё войска 44 мільярды даляраў, што ў 640 разоў больш, чым летась, і зьяўляецца рэкордам росту, які калі-кольвек рэгістраваў SIPRI. Калі ў 2021-м вайсковыя выдаткі склалі 3,2% ВУП Украіны, то летась 34%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славаччына перадала Ўкраіне 13 зьнішчальнікаў МіГ-29. Кіеў чакае абяцаныя пастаўкі самалётаў з Польшчы

ЗША, якія актыўна ўключыліся ў вайсковую дапамогу Кіеву, патрацілі на войска 877 мільярдаў даляраў. Гэта ўтрая вышэй за Кітай, які займае другое месца рэйтынгу, і на 0,7% больш, чым у папярэдні год.

Што тычыцца Кітаю, то там патрацілі на 4,2% больш, чым у 2021-м, агулам Пэкін павялічвае вайсковыя выдаткі 28 гадоў запар. Японія летась дала на войска 46 мільярдаў даляраў, што ў 6,3 раза менш за Кітай, але для Японіі гэта найбольшы расход грошай на гэтую сфэру з 1960 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвясьцілі пра новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне на $325 мільёнаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.