Раніцай у нядзелю зьявілася паведамленьне пра сьмерць 77-гадовага дэпутата зь Ліпецкай вобласьці Мікалая Барцова. Пра гэта паведаміў кіраўнік Ліпецкай вобласьці Ігар Артамонаў. Прычыны сьмерці не называюцца.
Барцоў быў дэпутатам амаль 20 гадоў, працаваў у пяці скліканьнях Думы. Выданьне «Медуза» адзначае, што ён уваходзіў у сьпіс найбагацейшых расейцаў паводле вэрсіі Forbes. Барцоў, як і пераважная большасьць дэпутатаў Думы, знаходзіўся пад санкцыямі ЗША і іншых заходніх краін у сувязі з расейскім ўварваньнем ва Ўкраіну.
У другой палове дня стала вядома пра сьмерць яшчэ аднаго дэпутата Дзяржаўнай думы — Джашарбека Узьдзёнава. Ён прадстаўляў Карачаева-Чаркесію, быў дэпутатам з верасьня 2021 году. Яму было 56 гадоў. Пра яго сьмерць «пасьля цяжкай і працяглай хваробы» паведаміў кіраўнік фракцыі «Единая Россия» ў Думе Ўладзімір Васільеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўная Дума Расеі ратыфікавала дакумэнты аб анэксіі тэрыторый Украіны. Галасоў налічылі больш, чым было дэпутатаў у залі