Хроніка перасьледу 23 красавіка: у Навалукамлі адправілі пад арышт пратэстанцкага пастара; затрымалі музыку і студэнтаў БДУ

Царква Хрысьціян веры эвангельскай у Навалукомлі

У Беларусі працягваецца палітычны перасьлед. Яго зазнаюць у тым ліку і рэлігійныя супольнасьці.

15 сутак пастару за «падабайкі»

У Навалукамлі асудзілі на 15 дзён пастара Аляксандра Зарэцкага. Суд прызнаў пастара царквы Хрысьціян веры эвангельскай вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП за «падабайкі» і камэнтары да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, піша «Вясна».

Пра затрыманьне пастара расказалі мясцовыя жыхары.

Пастар Аляксандар Зарэцкі быў адным з тых, хто пасьля падзеяў жніўня 2020 году падпісаў калектыўны адкрыты ліст хрысьціян Беларусі супраць гвалту. З гэтай нагоды ён меў гутарку ў Чашніцкім РАУС і ў раённым аддзеле ідэалёгіі. 8 ліпеня 2021 году дома ў пастара правялі ператрус з нагоды крымінальнай справы, у якой ён меў статус сьведкі.

У пачатку 2022 году Эвангельская царква ў Навалукамлі атрымала ад дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці адмову ў рэгістрацыі гуманітарнай дапамогі на 25 625 швэдзкіх крон, атрыманай ад дабрачыннай арганізацыі Oss-Hjälpen. У складзе дапамогі, дасланай у Навалукамль, былі інвалідныя вазкі, адзеньне, абутак, мэбля, посуд для асобаў, якія маюць патрэбу. Але дэпартамэнт запатрабаваў, каб усё адправілі назад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы лідэр «Маладога фронту» стаў пратэстанцкім пастарам у Варшаве. Расказвае пра свой шлях ад атэізму да веры

Затрымалі музыку, які напісаў песню «Стоп таракан»

На тэлеграм-канале, зьвязаным зь сілавікамі, зьявілася відэа, на якім мужчына кажа, што ён напісаў песьню «Стоп таракан» , а таксама пісаў камэнтары ў Telegram наконт дзейнай улады.

Як піша Reform.by, верагодна, гаворка ідзе пра гітарыста Руслана Хлебародава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскага пастара аштрафавалі на 640 рублёў за абрад хрышчэньня без дазволу ўладаў

На гістарычным факультэце БДУ затрымалі двух студэнтаў

Як піша «Наша Ніва», затрыманыя Сафія Гельфман і Данііл Каранкевіч.

Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», Сафія Гельфман была схопленая яшчэ 18 красавіка, а 20-га яе пакаралі 10 днямі адміністрацыйнага арышту. Што стала падставай для яе зьняволеньня, невядома.

Пра затрыманьне 18 красавіка Данііла Каранкевіча праваабаронцы даведаліся з відэа сілавікоў. Хлопец кажа, што нібы ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе і быў зарэгістраваны ў пляне «Перамога». А нядаўна вырашыў праверыць, ці ёсьць пра яго інфармацыя ў фэйкавым чат-боце. За гэта яго і арыштавалі.