Рада БНР уручыла першыя мэдалі ордэну «Пагоні» блізкім палітвязьняў

Сябра Камісіі па ўзнагароджаньнях пры Радзе БНР Алесь Чайчыц уручае мэдалі ордэну Пагоні блізкім палітвязьняў

У Вільні на сядзібе Таварыства беларускай культуры адбылося ўручэньне першых мэдалёў ордэну «Пагоні».

Мэдалі перадалі блізкім палітычных вязьняў Ігара Лосіка, Дар’і Лосік і Эдуарда Пальчыса, узнагароджаных дэкрэтам Старшыні Рады БНР ад 25 сакавіка 2023 году за заслугі на ніве барацьбы за волю Беларусі, піша Рада БНР у фэйсбуку.

Мэдалі перададзеныя Вікторыі Пальчыс і Дзьмітрыю Лепрэтару, адвакату сямʼі Лосікаў.

«Дар’я, Ігар і Эдуард праходзяць празь цяжкія выпрабаваньні за праўду, за вернасьць сваім ідэалам і за ўвесь беларускі народ. Яны дэманструюць годнасьць і гераізм у найскладаных умовах, якія ім незаконна стварылі злачынцы й ворагі дэмакратыі і свабоды. Уся Беларусь чакае іхнага найхутчэйшага вызваленьня», — сябра Камісіі па ўзнагароджаньнях пры Радзе БНР Алесь Чайчыц.

Мэдаль ордэну «Пагоня»

Журналіст Свабоды, вядомы блогер Ігар Лосік у турме па палітычных прычынах з чэрвеня 2020 году. Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка, увязьненая ў кастрычніку 2022 году за інтэрвію пра абставіны незаконнага арышту яе мужа. Яна атрымала 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Эдуард Пальчыс, блогер і грамадзкі дзеяч, арыштаваны ўвосень 2020 году. Асуджаны на 13 гадоў пазбаўленьня волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму.

«Рада Беларускае Народнае Рэспублікі патрабуе неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі Ігара і Дар’і Лосікаў, Эдуарда Пальчыса, а таксама ўсіх больш за 1500 беларускіх палітычных вязьняў», — гаворыцца ў паведамленьні Рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кацярына Андрэева, Ігар і Дар’я Лосікі, Андрэй Зельцар, Эдуард Лобаў. Каго яшчэ Рада БНР узнагародзіла мэдалём ордэну «Пагоні»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР заклікала падняць тэму «расейскай ваеннай акупацыі» Беларусі на сэсіі Генасамблеі ААН
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Лосік другі раз запар трапіў у штрафны ізалятар