Больш за 330 замежных палітыкаў сталі сымбалічнымі хроснымі беларускіх палітвязьняў

Сымбалічнымі хроснымі беларускіх палітычных зьняволеных сталі ўжо 337 замежных палітыкаў, паведамляе нямецка-француская праваабарончая арганізацыя Libereco.

Сярод іх дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, заканадаўчых органаў Нямеччыны, Швайцарыі, Ірляндыі, Вялікай Брытаніі, Аўстрыі, Швэцыі, Шатляндыі, Чэхіі, Польшчы, Нідэрляндаў, Бэльгіі, Украіны, Славеніі, Румыніі, Нарвэгіі і Даніі (поўны сьпіс палітыкаў і іх «падапечных» — па спасылцы).

У сваёй заяве Libereco зноў запатрабавала неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 1500 палітвязняў. Гэта новы рэкорд

Libereco запусьціла кампанію салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі #WeStandBYyou ў ліпені 2020 году, роўна за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году. У рамках гэтай кампаніі дэпутаты эўрапейскіх парлямэнтаў бяруць на сябе спонсарскую апеку над палітычнымі вязьнямі ў Беларусі.

У межах кампаніі #WeStandBYyou Libereco таксама заклікае людзей праявіць салідарнасьць з усімі, хто выступае ў Беларусі за свабодныя і справядлівыя выбары, дэмакратызацыю краіны, вяршэнства закону і павагу правоў чалавека і хто зазнаў перасьлед за свае перакананьні. Для гэтага прапануюць выкарыстоўваць хэштэгі #WeStandBYyou у сацсетках для распаўсюду і папулярызацыі там матыву кампаніі.

Паводле стану на 22 красавіка беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітычнымі вязьнямі 1497 чалавек.