Лефортаўскі суд Масквы завочна арыштаваў на два месяцы расьсьледавальніка Bellingcat Хрыста Грозева па справе аб незаконным перасячэньні мяжы Расеі, паведамляе прэс-служба судоў Масквы.
Калі менавіта і пры якіх абставінах Грозеў, на думку сьледзтва, незаконна перасек расейскую мяжу, не ўдакладняецца. Як перадае карэспандэнт «Медиазоны», паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме. Інтарэсы Грозева прадстаўляе адвакат Вераніка Палякова. Яна не змагла адказаць на пытаньні журналістаў, спаслаўшыся на падпіску аб неразгалошваньні зьвестак сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Bellingcat Грозеў заявіў, што яго папярэдзілі аб пагрозе з боку расейскіх спэцслужбаўХрыста Грозеў — журналіст-расьсьледавальнік і кіраўнік праекту Bellingcat. Ён сумесна зь іншымі журналістамі выпусьціў расьсьледаваньне аб атручваньні расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Bellingcat, апроч іншага, займаецца ідэнтыфікацыяй расейскіх вайскоўцаў, датычных да ваенных злачынстваў ва Ўкраіне.
У студзені 2022 году Грозеў стаў выканаўчым дырэктарам Bellingcat. У сьнежні МУС Расеі абвясьціла яго ў вышук. На Грозева завялі крымінальную справу аб распаўсюджваньні «фэйкаў» пра расейскую армію. На пачатку лютага Грозеў паведаміў, што вырашыў не вяртацца ў Вену, дзе пражыў каля 20 гадоў, з прычыны пагрозы з боку расейскіх спэцслужбаў.
«Я падазраю, што ў горадзе больш расейскіх агентаў, інфарматараў і падручных, чым паліцэйскіх», — сказаў ён тады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Bellingcat Хрыста Грозеў пакінуў Вену, у якой пражыў 20 гадоў. Прычына — цікавасьць расейскіх спэцслужбаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група Bellingcat правядзе расьсьледаваньне сьмерці Ўладзімера Макея