21 красавіка набыў моц указ Лукашэнкі № 368, які абавязвае пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў узаемадзейнічаць з апэратыўна-вышуковымі органамі.
Пастаўшчыкі паслуг электрасувязі і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў, якія трапяць у пералік, будуць абавязаны для ўзаемадзеяньня з КДБ і ААЦ выкарыстоўваць інфармацыйную сыстэму электроннага ўзаемадзеяньня, якую распрацоўвае РУП «Цэнтр лічбавага разьвіцьця». Уладальнікам і апэратарам інфармацыйнай сыстэмы зьяўляецца РУП па наглядзе за электрасувязьзю «БелДІЭ».
Для карыстальнікаў або іншых назіральнікаў немагчыма будзе вызначыць, ці падключаны інтэрнэт-сэрвіс да сыстэмы сачэньня. Тыя інтэрнэт-рэсурсы, якія адмовяцца даць доступ сілавікам, могуць быць заблякаваныя ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты пра кантроль беларускага інтэрнэту: «„Алісу“ ад „Яндэкс“ цяпер будуць слухаць ня толькі супрацоўнікі ФСБ, але і КДБ»Пра ўказ было вядома яшчэ ўвосень 2022 году. Рэсурс Netobservatory.by тады адзначыў, што доступ да базаў дадзеных і інфармацыйных сыстэм у сілавікоў быў і раней. Яшчэ ў пачатку 2021-га ў заканадаўства аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці ўнесьлі зьмены, паводле якіх органы могуць «атрымліваць бясплатна зьвесткі з базаў дадзеных, інфармацыйных сыстэм шляхам дыстанцыйнага доступу і (або) на матэрыяльных носьбітах інфармацыю ад арганізацый, якія зьяўляюцца ўласьнікамі гэтых базаў дадзеных, інфармацыйных сыстэм, у выпадках, вызначаных заканадаўчымі актамі, і парадку, вызначаным заканадаўствам».
Экспэрты мяркуюць, што ў першую чаргу ААЦ і КДБ зацікавіць атрыманьне доступу да буйных рэсурсаў, у тым ліку пошукавыя сыстэмы, сэрвісы, якія абслугоўваюць экасыстэмы Apple iOS і Google Android, сацыяльныя мэдыя, мэсэнджары, сэрвісы мабільнасьці, аплатныя сыстэмы.
Таксама спэцыялісты яшчэ летась адзначылі, што гэты закон можа паўплываць на выхад чарговых замежных інвэстараў зь Беларусі. Бо ня кожная фірма захоча супрацоўнічаць з кімсьці ў дзяржаве, дзе сілавыя структуры паводле закону могуць атрымліваць шмат інфармацыі ад пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад прыняў пастанову аб сачэньні за карыстальнікамі ў інтэрнэце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яндэкс» прызнаў, што калёнка «Аліса» можа падслухоўваць карыстальнікаў