«Не адаптацыя ў Літве, а зьмены ў Беларусі». Віціс Юрконіс тлумачыць пазыцыю Вільні па беларусах

Акцыя пратэсту беларусаў у Літве каля Сейму, 20 красавіка 2023 году

Сейм Літвы пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб абмежаваньнях адносна беларускіх і расейскіх грамадзянаў. Якія абмежаваньні для беларусаў захаваліся ў законе? Ці можа прэзыдэнт Наўседа зноў накласьці на яго вэта? Наколькі шырокую падтрымку ў грамадзтве і палітычных элітах мае больш жорсткі падыход, якога прытрымліваецца кіраўнік дзяржавы?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс.

У літоўскім Сейме адбылося паўторнае галасаваньне ў справе закону аб абмежавальных мерах адносна грамадзянаў Беларусі і РФ за ваенную агрэсію супраць Украіны. За пераадоленьне вэта прэзыдэнта прагаласавалі 99 дэпутатаў са 108 прысутных.

Юрконіс

  • Закон шмат абмяркоўваўся да яго прыняцьця. Першапачатковы праект быў больш жорсткі, былі бурныя абмеркаваньні. Нават тыя дэпутаты, якія мала ведалі пра досьвед і беларусаў, і расейскіх дэмакратаў, якія жывуць у Літве, у выніку дыскусіяў паглыбіліся ў праблему.
  • Вэта прэзыдэнта, які настойваў на роўных абмежаваньнях для беларусаў і расейцаў, не гучала пераканаўчым. Літоўцы ведаюць, што гэта розныя народы. Прэзыдэнт рабіў акцэнт на тым, што і расейскі, і беларускі рэжымы ваююць з Украінай. Праблема ў тым, як аддзяліць рэжымы ад грамадзянаў. Закон у пэўнай ступені гэтае адрозьненьне робіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб розных санкцыях для расейцаў і беларусаў
  • Трэба прызнаць, што ёсьць беларусы, якія ўдзельнічаюць у абыходзе санкцыйнага рэжыму. Гэтае пытаньне зьвязанае з нацыянальнай бясьпекай. Нягледзячы на тое, што вэта было адхілена, беларускай грамадзянскай супольнасьці, беларусам, якія жывуць у Літве, трэба падумаць над тым, як прадухіліць прыезд у Літву асобаў, набліжаных да рэжыму Лукашэнкі. Гэта найперш пытаньне да беларускай грамадзянскай супольнасьці — як правесьці гэтую рысу паміж грамадзтвам і рэжымам.
  • Тэзіс «візы ўсім беларусам» — памылковы. Усім беларусам — дакладна не.
  • Ёсьць пытаньне — што рабіць зь дзецьмі беларускіх чыноўнікаў? У некаторых беларускіх чыноўнікаў дзеці вучацца на Захадзе. Гэта не да літоўцаў, а да беларусаў пытаньне: гэта нармальна?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь не Расея». Як беларусы пратэставалі калі літоўскага Сейму. Фотарэпартаж
  • Адна частка гэтага закону — візавая — замацавала існую практыку. А другая частка тычылася рэзыдэнцтва, грамадзянства і валоданьня нерухомасьцю. Закон пазбаўляе беларусаў і расейцаў права набываць нерухомасьць і прыпыняе працэс набыцьця грамадзянства для іх. У другую частку закону былі ўнесеныя зьмены, якія даюць магчымасьць беларусам атрымліваць грамадзянства і набываць нерухомасьць.
  • Да гэтага закону беларус, які ня меў дазволу на жыхарства ў Літве, мог купляць у ёй нерухомасьць. Але і тут пытаньне да беларусаў: ці хочуць яны, каб асобы рэжыму такім шляхам адмывалі свае брудныя грошы?
  • Паводле новага закону турыстычных візаў больш няма. Іх ужо даўно і не было. Але калі вы журналіст, калі вы едзеце па лініі абароны правоў чалавека, калі вас перасьледаваў рэжым, калі вы ІТ-спэцыяліст, то вы можаце атрымліваць дазвол на жыхарства паводле спрошчанай працэдуры. Гэта застаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што літоўцы гавораць пра беларусаў? ВІДЭА
  • Тут ёсьць і тое абмежаваньне, што няшмат супрацоўнікаў засталося ў амбасадзе Літвы ў Менску.
  • Яшчэ адно абмежаваньне — калі вы ўехалі з шэнгенскай візай, атрыманай у амбасадзе Вугоршчыны, Польшчы, Нямеччыны, у любой, акрамя амбасады Літвы, вы ня можаце прэтэндаваць на атрыманьне ў Літве дазволу на жыхарства.
  • Тэхнічна прэзыдэнт можа накласьці вэта і на сёньняшняе рашэньне Сейму. Так можна рабіць тройчы. Але гэты закон сьпяшаюцца прыняць да траўня, бо інакш давядзецца працягваць стан надзвычайнага становішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літве «вельмі важна не пасылаць зьмяшаныя сыгналы беларускай апазыцыі», лічыць сьпікер Сейму
  • У нас паток рэпрэсаваных зь Беларусі ніколі не спыняўся. Беларусы задаюць пытаньні: ці тычыцца гэта тых, хто можа трапіць пад патэнцыйную мабілізацыю? Адказ — не. І гэта пасьлядоўная пазыцыя літоўскіх уладаў.
  • Гуманітарны дазвол на жыхарства азначае, што чалавек ня можа вярнуцца ў Беларусь. І тады будуць праблемы, як сустракацца са сваімі сваякамі, якія застаюцца ў Беларусі. Фокус увагі беларусаў павінен быць не на тым, як атрымаць літоўскае грамадзянства, а на тым, як набліжаць перамены ў Беларусі.
  • Пазыцыя прэзыдэнта Наўседы ў гэтым пытаньні небеспадстаўная, ён мае пэўную рацыю. Ён робіць націск на нацыянальную бясьпеку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы і Ціханоўская раскрытыкавалі вэта Наўседы на закон аб новых санкцыях для расейцаў і беларусаў
  • Спрэчкі былі крыху не па сутнасьці. Нават калі б вэта прэзыдэнта прайшло і быў прыняты самы жорсткі варыянт закону, то большасьць беларусаў, якія жывуць у Літве, і большасьць тых, хто хоча ўратавацца, зьехаўшы зь Беларусі ў Літву, ніяк не пацярпелі б.
  • Але гэтая размова ня скончаная. Ёсьць людзі, якія абураныя беларускім рэжымам, якія бачаць, як абыходзяцца санкцыі, ёсьць беларусы, якія злоўжываюць візавай палітыкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мельянцоў супраць Юрконіса: Чаму Літва лічыць Беларускую АЭС пагрозай нацыянальнай бясьпецы?
  • Я з вамі і зь Дзянісам Мельянцовым спрачаўся, наколькі пракрамлёўскі беларускі рэжым. Я даводзіў, што і АЭС — гэта крамлёўскі праект. Вы мне пярэчылі. Ну, вось мы і прыехалі.
  • Былі гарачыя дэбаты пра гэты закон. Але шкада, што падчас іх мала гаварылі пра паглыбленьне рэпрэсіяў у Беларусі, пра жахлівыя прысуды Алесю Бяляцкаму, Марыне Золатавай, пра другую спробу самазабойства Ігара Лосіка. І я мяркую, што цяпер, калі дэбаты пра закон скончыліся, многія пачнуць гаварыць пра перамены ў Беларусі і дамагацца іх.

Закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны быў прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка. Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы. Для расейцаў уводзіцца часовае прыпыненьне падачы заявак на атрыманьне часовага віду на жыхарства, беларусаў гэтая частка закону не закране. 14 красавіка стала вядома, што прэзыдэнт Наўседа наклаў на закон вэта.