На гэта зьвярнуў увагу расейскі сайт «Медиазона».
Журналісты параўналі падручнік, выпушчаны выдавецтвам «Просвещение» сёлета, зь яго папярэдняй вэрсіяй, і высьветлілася, што калі ў выданьні 2021 года пісалі, што князь Уладзімір хрысьціў народ у Кіеве, то ў новым выданьні ён зрабіў гэта проста «ў сталіцы».
Акрамя таго, калі ў папярэднім падручніку «пасьля сьмерці Алега ў Кіеве стаў правіць князь Ігар», а аўтарам летапісу «Аповесьць мінулых гадоў» значыўся «манах Кіева-Пячэрскага манастыра Нестар», то ў новым навучальным дапаможніку Ігар стаў кіраваць Русьсю без указаньня гораду, а Нестар стаў проста манахам, без удакладненьня месца, у якім жыў і працаваў.
Журналісты «Медиазоны» таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што ў падручніку па гісторыі Расеі для вучняў шостай клясы памянялася дата, якая лічыцца момантам заснаваньня Русі як дзяржавы. У рэдакцыі 2016 году ў якасьці гэтай даты значыцца 882 год, «калі Алег аб’яднаў Ноўгарад і Кіеў», а ў новай рэдакцыі — 862 год, калі Рурык быў прызваны на княства ў Ноўгарад.
Зьмены ўнесены на фоне вайны Расеі супраць Украіны, сталіцай якой зьяўляецца Кіеў. У выдавецтве пакуль не камэнтавалі гэтых новаўвядзеньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Netflix на запыт Украіны выправіў паведамленьне пра «расейскага князя» Яраслава Мудрага