Беларускім праграмістам сталі прыходзіць лісты з рэкамэндацыямі зьвярнуцца ў камісію па занятасьці і пацьвердзіць, што яны працуюць, аформіцца рамесьнікамі або перанавучыцца, з гарантыяй працаўладкаваньня, паведамляе dev.by.
Адзін з атрымальнікаў, які вымушана звольніўся з БДУ пасьля спусканьня ад уладаў ва ўнівэрсытэт «сьпісу непажаданых супрацоўнікаў» і са жніўня 2022 году жыве за мяжой, расказаў выданьню, што ў лісьце камітэт працы Менскага гарвыканкаму прапануе яму «перанавучаньне і гарантаванае працаўладкаваньне».
Іншы атрымальнік рассылкі — дызайнэр, які не жыве ў Беларусі ўжо 3 гады, — даведаўся ад бацькоў, што па месцы прапіскі ў Беларусі яму прыйшоў ліст «з рэкамэндацыяй аформіцца як рамесьнік і плаціць падатак».
Тэставальніца, якая пераехала ў Літву год таму, таксама атрымала ліст з рэкамэндацыяй зьвярнуцца ў «дармаедзкую» камісію і расказаць пра «цяжкую жыцьцёвую сытуацыю», піша выданьне.
Яшчэ адзін чытач атрымаў SMS на беларускі нумар з рэкамэндацыяй зьвярнуцца ў камісію па занятасьці.
«Ліст прыйшоў літаральна сёньня, — напісаў dev.by яшчэ адзін чытач. — Я патэлефанаваў па нумарв, указаным у лісьце, мяне пазначылі як не занятага ў эканоміцы. Чамусьці папярэдзілі пра магчымыя праблемы на мяжы, бо гэтую базу бачыць Памежны камітэт. Выразнага адказу, чаму ў мяне будуць праблемы і якія, не далі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Браслаўскім раёне кожнага дзясятага жыхара ўнесьлі ў базу «дармаедаў»Журналісты выданьня патэлефанавалі ў камісію занятасьці аднаго з раёнаў Менску, але там ім адказалі, што праблем зь перасячэньнем мяжы быць ня можа, а вось «камуналку» праз 30 дзён з таго моманту, як чалавек пакінуў Беларусь, яму будуць налічваць па поўным тарыфе.
Згодна з пастановай ураду Беларусі № 166, з сакавіка 2022 году грамадзяне, якія выехалі за межы Беларусі на тэрмін больш за 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы, абавязаны аплочваць жыльлёва-камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме. Выключэньне — калі чалавек працуе ў краінах ЭАЭС (Расеі, Казахстане, Кіргізстане або Армэніі). Калі рэлякант не зьяўляецца ўласьнікам жыльля, патрабаваньне аплочваць «камуналку» цалкам на яго не распаўсюджваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Камуналка вырасла амаль утрая»: як улады Беларусі помсьцяць эмігрантам