Палітвязьня Гундара асудзілі на 2,5 года ў трэцяй крымінальнай справе, цяпер ягоны тэрмін зьняволеньня складае 20 гадоў

Уладзімер Гундар

Трэці раз за 2 гады асудзілі інваліда II групы Гундара, ён адмаўляўся ў судзе даваць паказаньні.

У канцы студзеня ў Ленінскім судзе Горадні пачаўся разгляд трэцяй крымінальнай справы супраць баранавіцкага актывіста Ўладзімера Гундара. Яго абвінавацілі ў абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачаньне ў «справе Аўтуховіча».

Судзьдзя Алена Пятрова 17 красавіка прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу і прызначыла яму яшчэ два з паловай гады пазбаўленьня волі, як і прасіў пракурор. Шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі да 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Новую крымінальнаю справу на Ўладзімера Гундара завялі за нібыта абразу пракуроркі падчас суду ў «справе Аўтуховіча». Раней палітвязьня асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня.

Як раней паведаміла BPN жонка Гундара Алена, Уладзімер на працэсе трымаўся нядрэнна — ён адмовіўся ад дачы якіх-небудзь паказаньняў у новай справе.

Як раней паведамляла «Вясна Брэст», палітвязьня Ўладзімера Гундара прымушалі разьдзявацца і праводзілі асабісты надгляд перад уваходам у залю, дзе адбывалася азнаямленьне з аўдыёзапісамі судовага працэсу ў «справе Аўтуховіча». Гундар з гэтым не пагадзіўся, таму напісаў адмову ад азнаямленьня з аўдыё.

  • Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. Мае інваліднасьць праз страту нагі. 20 траўня 2021 году яго ўжо асудзілі на 3 гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы». З улікам гэтага тэрміну 16 кастрычніка 2022 году Гундара пакаралі 18 гадамі калёніі ў «справе Аўтуховіча».