Ведамства заявіла аб існаваньні рэпрэсіўнай сеткі, з дапамогай якой улады Кітаю перасьледуюць іншадумцаў, ня згодных з палітыкай КПК.
На думку сьледзтва, паліцыянты стваралі ў сацыяльных сетках фальшывыя акаўнты, зь якіх дыскрэдытавалі кітайскіх дысыдэнтаў, якія жывуць за мяжой. Некаторыя зь іх супрацоўнічалі са службоўцамі амэрыканскіх тэлекамунікацыйных кампаніяў і зь іх дапамогай імкнуліся перакрыць дысыдэнтам доступ на мэдыяплятформы. Таксама яны вэрбавалі і іншых грамадзянаў ЗША, у тым ліку для шпіянажу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Кітаю Беларусь, а Беларусі — Кітай? Тлумачыць кітаіст Цемур УмараўЯк заявіў прадстаўнік паліцыі Нью-Ёрку Брэон Піс, 34 абвінавачаных — супрацоўнікі Міністэрства грамадзкай бясьпекі КНР і належаць да «працоўнай групы спэцпраекту 912» — падразьдзяленьня кітайскіх спэцслужбаў, якое займаецца сачэньнем за кітайскімі апазыцыянэрамі ў іншых краінах.
Таксама ў панядзелак у ЗША былі арыштаваныя два чалавекі, якіх падазраюць у стварэньні таемнага аддзелу кітайскай паліцыі ў Нью-Ёрку.
Раней праваабарончыя арганізацыі паведамлялі, што спэцслужбы Кітаю маюць разгалінаваную сетку паўлегальных паліцэйскіх прадстаўніцтваў як мінімум у 53 краінах сьвету. Гэтыя прадстаўніцтвы сочаць за кітайскімі грамадзянамі, якія жывуць у гэтых краінах, і ў некаторых выпадках іх перасьледуюць, шантажуюць і вяртаюць на радзіму.
Афіцыйны Пэкін не адмаўляе наяўнасьці сваіх паліцэйскіх падразьдзяленьняў у розных краінах сьвету, але сьцьвярджае, што яны займаюцца выключна дапамогай кітайскім грамадзянам, якія жывуць за мяжой — напрыклад, у афармленьні новых дакумэнтаў і падаўжэньні старых, такіх як правы кіроўцы.