Цэны на яйкі ў сьвеце дасягнулі 10-гадовага максымуму. Наколькі яйкі падаражэлі ў Беларусі?

Сусьветныя цэны на яйкі дасягнулі гістарычнага максымуму.

Выданьне Myfin паведамляе, як зьмяніліся цэны на яйкі ў Беларусі за год.

У першым квартале 2023 году ў параўнаньні зь першым кварталам мінулага году цэны на яйкі ў ЗША і ЭЗ вырасьлі на 155% і 62% адпаведна, піша выданьне Rabobank. Цэны на многіх іншых рынках таксама дасягнулі гістарычнага максымуму, у тым ліку ў Японіі, Тайляндзе, Філіпінах, Ізраілі, Новай Зэляндыі, Нігерыі, Кеніі, Бразыліі, Мэксыцы і Аргентыне.

Рост цэнаў на яйкі адлюстроўвае спалучэньне некалькіх фактараў попыту і прапановы:

  • падвышэньне цэнаў кармоў;
  • наступствы ўспышак птушынага грыпу;
  • наступствы збояў на рынку з прычыны Covid-19;
  • зьмена спажывецкіх паводзінаў (спажывецкі попыт на яйкі вырас, бо спажыўцы пачалі шукаць таньнейшыя крыніцы бялку).

Rabobank чакае, што кошты на яйкі застануцца адносна высокімі на працягу ўсяго 2023 году, асабліва на рынках, якія моцна пацярпелі ад птушынага грыпу, росту вытворчых выдаткаў і заканадаўчых зьменаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памідоры +22%, малако +21,9%. Як у Беларусі растуць цэны, якім расьці забаранілі

А што ў Беларусі?

Паводле дадзеных Белстату, у сакавіку 2022 году дзясятак яек каштаваў у краіне 2,72 руб., у сакавіку 2023 году — 3,05 руб. За год падаражэньне склала 10,5%.

Усяго ў Беларусі вырабляюць за год каля 3 мільярдаў яек.

Асноўныя вытворцы: 1-я Менская птушкафабрыка, Салігорская птушкафабрыка, Баранавіцкая птушкафабрыка.

Сярэднестатыстычны беларус у год спажывае прыкладна 260–270 яек — на ўсю Беларусь агулам гэта прыкладна 2,5 мільярда яек.