Gulagu.net апублікаваў паказаньні былых камандзіраў ПВК «Вагнэра» пра забойства дзяцей у Салядары і Бахмуце

У сакавіку 2022 году ЗША ўвялі санкцыі супраць заснавальніка «Вагнэра» Яўгена Прыгожына і абвясьцілі яго ў вышук.

«Прызнаньня мала. Павінна быць пакараньне», — заявіў, камэнтуючы публікацыю, кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага Андрэй Ярмак, піша «Медуза».

Праект Gulagu.net Уладзіміра Асечкіна апублікаваў паказаньні двух былых зьняволеных, Азамата Ўлдарава і Аляксея Савічава, якія ваявалі ва Ўкраіне ў складзе ПВК «Вагнэра». І Ўлдараў, і Савічаў былі памілаваныя ўказам прэзыдэнта Расеі. У ПВК «Вагнэра» яны займалі камандныя пасты. Пацьверджаньня іх паказаньняў зь іншых крыніц няма.

Савічаў, які, паводле яго слоў, правёў у месцах пазбаўленьня волі 30 гадоў, расказаў, у прыватнасьці, што пры ім былі расстраляныя каля 70 былых зьняволеных, якія адмаўляліся выконваць загады.

Акрамя таго, Савічаў прызнаўся, што ў студзені 2023 году на тэрыторыі Бахмуту на загад вышэйстаячых камандзіраў кінуў 30 гранат Ф-1 у яму, запоўненую забітымі і параненымі ўкраінцамі і расейцамі, а затым заліў парэшткі прыкладна 60 чалавек бэнзінам і падпаліў, каб зьнішчыць целы. Савічаў таксама падрабязна расказаў на камэру пра забойства 10 падлеткаў і больш як 20 бяззбройных украінцаў на распараджэньне камандзіраў, а таксама пра загад «зачысьціць жылы дом» і забіць усіх, хто знаходзіўся ў ім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне абстрэл Чаркаскай вобласьці зь Беларусі ракетай «Кінжал» стаў прадметам крымінальнага расьсьледаваньня

Улдараў, у сваю чаргу, заявіў, што на загад забіваў дзяцей у Салядары і Бахмуце. Паводле слоў Улдарава, «давалі каманду зачысьціць і зьнішчыць усіх» — мужчын, жанчын, старых і дзяцей. Ён расказаў, як забіў дзяўчынку ў Салядары. «Ёй пяць-шэсьць гадоў, а я стрэліў, ты разумееш, кантрольны», — расказаў ён.

І Ўлдараў, і Савічаў сьцьвярджаюць, што камандаваньне ПВК «Вагнэра» пагражае наймітам «абнуленьнем», гэта значыць забойствам, за зносіны з журналістамі і раскрыцьцё якой-небудзь інфармацыі пра тое, што адбывалася ў зоне баявых дзеяньняў. Найміты, адказваючы на наводныя пытаньні Асечкіна, заявілі, што ўпэўненыя ў тым, што заснавальнік ПВК Яўген Прыгожын выконвае распараджэньні Ўладзіміра Пуціна, а расьсьледаваць злачынствы, учыненыя ў зоне баявых дзеяньняў, у Расеі ня будуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Адэсы высяляюць з памяшканьня арганізацыю беларускай дыяспары, якая працавала з 2000 году

Публікацыю відэа пракамэнтаваў кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак. «Нацыя нелюдзяў і забойцаў, біялягічнае сьмецьце гэтага сьвету», — напісаў Ярмак у тэлеграме. «Аднаго прызнаньня мала. Павінна быць пакараньне. Цьвёрдае і справядлівае. І яно абавязкова будзе», — дадаў ён.

Прыгожын адмаўляе інфармацыю з публікацыі Gulagu.net. «Наконт расстрэлаў дзяцей: вядома ж, ніхто ніколі не расстрэльвае ні мірняк (мірных жыхароў. — РС), ні дзяцей. Гэта нікому абсалютна не патрэбна. Мы туды прыйшлі, каб выратаваць іх ад таго рэжыму, пад якім яны знаходзіліся», — заявіў ён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.