У Беларусі па стане на 17 красавіка 1496 палітычных зьняволеных. Такую лічбу дае праваабарончы цэнтар «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітвязьняў яшчэ больш.
Івашыну дайшоў заказны ліст
Як паведаміла ў сацыяльных сетках жонка палітзьняволенага журналіста Вольга Івашына, Дзяніс патэлефанаваў дадому бацькам, сказаўшы, што са здароўем у яго ўсё ў парадку. Таксама ён атрымаў бандэроль, падзякаваўшы ўсім людзям, хто дапамог яе складаць.
Акрамя таго, Дзяніс Івашын атрымаў заказны ліст ад айчыма. З гэтага жонка журналіста зрабіла выснову, што паштовая служба ПК-15 прапускае толькі такія лісты, а звычайныя да палітвязьня не даходзяць.
Журналіста праекту InformNapalm і газэты «Новы час» асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здраду дзяржаве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Дзянісу Івашыну ў калёніі скарацілі норму атаваркі; Марыя Калесьнікава, магчыма, у ПКТ