Сяргей Макарэвіч напісаў на старонцы ў сацыяльнай сетцы, што 11 красавіка яму зьмянілі меру стрыманьня. Пасьля 159 дзён за кратамі ён выйшаў на свабоду.
Аднак крымінальныя справы супраць яго не спынілі, «таму гэта яшчэ не канец гісторыі», адзначыў Макарэвіч.
«Удзячны кожнаму з вас за падтрымку. Як бы ні абмяжоўвалі мае кантакты са зьнешнім сьветам, я ўсё адно атрымліваў вашы цёплыя словы. І ня толькі словы. Яшчэ знайду магчымасьць падзякаваць кожнаму асобна».
Макарэвіч сядзеў у горадзенскай турме № 1.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Сапега пагадзілася на эстрадыцыю ў Расею, мэнэджара культуры Макарэвіча вызвалілі пасьля 5 месяцаў за кратаміМакарэвіч працаваў у фондзе «Вяртаньне», які падтрымліваў беларускія культурніцкія праекты. Фонд зьліквідавалі летась у канцы кастрычніка рашэньнем Менскага гарадзкога суду, у шэрагу іншых незалежных грамадзкіх і культурніцкіх арганізацый.
Мэнэджар — адзін зь фігурантаў «справы „Маёнтка Падароск“» — ініцыятывы па аднаўленьні старой сядзібы пад Ваўкавыскам, якую фінансаваў бізнэсовец і мэцэнат беларускага паходжаньня Павал Падкарытаў.
15 красавіка стала вядома, што на волю выйшаў дырэктар ПТУП «Маёнтак Падароск» Юрась Меляшкевіч. Яму і фінансаваму дырэктару маёнтка Зьмітру Карабачу раней выставілі абвінавачаньне ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрась Меляшкевіч са «справы "Маёнтка Падароск"» выйшаў на волю пад паруку