Апошняя заявіла пра захоп прэзыдэнцкага палаца, рэзыдэнцыі кіраўніка ўзброеных сіл і міжнароднага аэрапорту Хартума, паведамляе агенцтва Reuters. Паводле выданьня, у Хартуме і прыгарадах чуваць стрэлы.
«Сілы хуткай падтрымкі» абʼявілі, што вайскоўцы акружылі адну зь іх базаў і адкрылі агонь зь цяжкіх узбраеньняў. Яны назвалі тое, што здарылася «грубым нападам», які «павінен быць асуджаны». Арганізацыя сьцьвярджае, што заняла таксама гарады Эль-Абэйд на захадзе і Мероэ на поўначы краіны.
Войска Судану заяўляе, што яго атакавалі «Сілы хуткай падтрымкі» ў некалькіх рэгіёнах краіны. Арганізацыя абвінавачвае ў тым жа войска.
У пачатку тыдня «Сілы хуткай падтрымкі» аб’явілі мабілізацыю, вайскоўцы назвалі гэтыя дзеяньні незаконнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Судану сышоў у адстаўку на фоне масавых пратэстаў- «Сілы хуткай падтрымкі» ў 2019 годзе падтрымалі ваенны пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады аўтарытарны прэзыдэнт Судана Амар аль-Башыр. У 2021 годзе арганізацыя, у якой каля 100 тысяч чалавек, падтрымала другі ваенны пераварот, які адклаў перадачу ўлады цывільнай адміністрацыі.
- Кіраўнік арганізацыі Мухамед Хамдан Дагала (Хамідці) займае пасаду намесьніка старшыні Сувэрэннай рады, якая кіруе краінай. Ён заяўляў, што шкадуе аб перавароце 2021 году, і выступіў за пераход улады да цывільнай адміністрацыі.
- Войска і цывільныя чыноўнікі ў сваю чаргу патрабуюць, каб «Сілы хуткай падтрымкі» ўключылі ў склад узброеных сіл. Перамовы аб гэтым павінны былі скончыцца да 1 красавіка, аднак заплянаванае падпісаньне пагадненьня перанесьлі на нявызначаны тэрмін.
- У 2022 годзе Дагала наведваў Маскву і выказваўся ў падтрымку будаўніцтва расейскай вайсковай базы на Чырвоным моры, якое было ўзгоднена Амарам аль-Башырам незадоўга да перавароту 2019 году.
- У Судане дзейнічае расейская групоўка ПВК «Вагнэр». Яна навучала мясцовых вайскоўцаў. Супрацоўніку зьвязанай зь ёй кампаніі па здабычы золата на гэтым тыдні прадʼявілі абвінавачаньне ў кантрабандзе.