Прэмʼер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль анансаваў хуткі пачатак контранаступу Ўзброеных сіл Украіны, паведамляе «Укрінформ».
Ён адзначыў, што ўкраінскі бок глыбока ўпэўнены ў сваіх намерах.
«Мы ўпэўненыя, што контранаступ адбудзецца ў бліжэйшы час. Злучаныя Штаты нас абсалютна падтрымліваюць, — падкрэсьліў Дзяніс Шмыгаль падчас прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне. — Нішто не паўплывае і ня зьменіць нашы пляны контранаступу. Наша мэта — перамога, наша мэта — вызваленьне ўкраінскіх тэрыторый у межах 1991 году».
Камэнтуючы публікацыі амэрыканскіх СМІ аб тым, што ўкраінцы нібыта хавалі ад ЗША пляны сваіх наступальных дзеяньняў, Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ва Ўкраіны «няма ніякіх сакрэтаў ад нашых стратэгічных партнэраў» і падкрэсьліў, што Ўкраіна і ЗША «моцна абʼяднаныя» ў сваім узаемадзеяньні.
У канцы сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі казаў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны пакуль ня могуць пачаць контрнаступ на фронце празь недахоп боепрыпасаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі патлумачыў, чаму Ўкраіна пакуль ня можа пачаць контрнаступ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША заявілі аб крытычным этапе расейска-ўкраінскай вайны і аб падрыхтоўцы новага пакету дапамогі Ўкраіне