Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што цяпер рыхтуюцца пляцоўкі для разьмяшчэньня стратэгічнай ядзернай зброі.
«Тут ствараецца ажыятаж, але ўсе крыху не пачулі яшчэ адну рэч, якую сказаў наш прэзыдэнт: трэба — у нас будзе і стратэгічная ядзерная зброя, — цытуе словы Віктара Хрэніна прэсавая служба Міністэрства абароны. — Калі і далей будзе такая агрэсіўная рыторыка, гэта наступны крок. На пагрозу сілы толькі сілай. Па-іншаму, на жаль, цяпер на Захадзе не разумеюць».
Міністар абароны Беларусі дадаў, што для тактычнай ядзернай зброі ўжо падрыхтавана тэхніка — самалёты, якія могуць несьці ядзерныя боепрыпасы, і пэрсанал (лётчыкі, якія могуць кіраваць гэтымі самалётамі). Апроч таго, нагадаў ён, Беларусь атрымала комплекс «Іскандэр», а на наступным тыдні завяршаецца падрыхтоўка экіпажаў для яго.
Што такое тактычная і стратэгічная ядзерная зброя?
Існуе тактычная і стратэгічная ядзерная зброя. Стратэгічная накіравана на зьнішчэньне гарадоў суперніка і на паражэньне вялікіх тэрыторый. Тактычная ж ядзерная зброя мусіць прымяняцца на «поле бою». Магутнасьць такой зброі, як правіла, не перавышае некалькіх кілятон у тратылавым эквіваленце, а часьцей менш за 1 кілятону. Аднак нейкай агульнай клясыфікацыі і правілаў, якая магутнасьць мусіць быць у тактычнай атамнай зброі, не існуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое тактычная ядзерная зброя і ці могуць яе разьмясьціць у Беларусі. Пытаньні і адказыЁсьць азначэньне, што тактычная ядзерная зброя — гэта зброя паніжанай магутнасьці, якую прымяняюць для перамогі ў ваеннай апэрацыі, а не для канчатковага спыненьня вайны.
Апрача таго Мінабароны паведаміла, што беларускія пілёты штурмавікоў Су-25 скончылі падрыхтоўку да прымяненьня тактычнай ядзернай зброі.
«У рамках плянавай падрыхтоўкі лётны і інжынэрна-тэхнічны склад нашай авіяцыйнай базы прайшоў дападрыхтоўку ў навучальным цэнтры Расейскай Федэрацыі на самалётах Су-25. Гэта дазволіла нам не толькі палепшыць свае практычныя навыкі, але і асвоіць новыя спосабы прымяненьня сучасных авіяцыйных сродкаў паражэньня, у тым ліку і спэцыяльных боепрыпасаў. Пры неабходнасьці атрыманыя намі веды і ўменьні мы гатовы прымяніць на практыцы для забесьпячэньня ваеннай бясьпекі, як нашай краіны, так і Саюзнай дзяржавы ў цэлым», – адзначыў ў разьмешчаным прэс-службай Мінабароны камэнтары ананімны лётчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыны, моладзь, менчукі — найбольшыя праціўнікі разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброіПляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.