ФБР арыштавала падазраванага ў выцеку дакумэнтаў з Пэнтагону

Агенты ФБР арыштоўваюць Джэка Тэйшэйру, супрацоўніка Нацыянальнай гвардыі ВПС ЗША, у сувязі з расьсьледаваньнем выцеку сакрэтных дакумэнтаў ЗША ў інтэрнэце, Масачусэтс, 13 красавіка 2023

Гэта 21-гадовы вайсковец Нацыянальнай гвардыі (падразьдзяленьня ВПС) штату Масачусэтс. Сьцьвярджаецца, што ён разьмяшчаў сакрэтныя дакумэнты ў сацыяльнай сетцы Discord.

ФБР заявіла ў чацьвер, што «выканала арышт і працягвае весьці санкцыянаваную праваахоўную дзейнасьць у жылым доме ў Паўночным Дэйтане, штат Масачусэтс», на фоне паведамленьня СМІ аб тым, што выявілі падазраванага ў справе аб выцеку сакрэтных дадзеных.

Кіраўнік Міністэрства юстыцыі ЗША Мэрык Гарланд заявіў, што ФБР арыштавала Джэка Тэйшэйру «ў сувязі з расьсьледаваньнем меркаванага несанкцыянаванага выдаленьня, захоўваньня і перадачы сакрэтнай інфармацыі аб нацыянальнай абароне».

Узброеныя фэдэральныя агенты прыбылі ў дом Тэйшэйры ў амэрыканскім штаце Масачусэтс у другой палове дня 13 красавіка і ўзялі мужчыну — у майцы і шортах — пад варту «без інцыдэнтаў», сказаў Гарланд.

Агенты ФБР арыштоўваюць Джэка Тэйшэйру, супрацоўніка Нацыянальнай гвардыі ВПС ЗША, у сувязі з расьсьледаваньнем выцеку сакрэтных дакумэнтаў ЗША ў інтэрнэце, Масачусэтс, 13 красавіка 2023

Выцекі зьяўляліся «наўмысным, злачынным дзеяньнем», заявілі ў Пэнтагоне. Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Пэт Райдэр ня стаў адказваць на пытаньні журналістаў пра арышт, спаслаўшыся на расьсьледаваньне, якое праводзіць Міністэрства юстыцыі.

Тэйшэйра паўстане перад фэдэральным судом у Бостане. На мінулым тыдні Міністэрства юстыцыі ЗША завяло крымінальную справу аб выцеку дакумэнтаў Пэнтагону. Вайсковае ведамства праводзіць унутранае расьсьледаваньне і ацэньвае шкоду, нанесеную абнародаваньнем сотняў канфідэнцыйных дакумэнтаў. Паводле тэлекампаніі СNN, крымінальнае расьсьледаваньне вядзе офіс ФБР у Вашынгтоне, у тым ліку група сьледчых з контравыведкі, якія маюць досьвед у гэтай сфэры.

Раней газэта The New York Times назвала чалавека, які, магчыма, стаіць за выцекам сакрэтных дакумэнтаў амэрыканскага ўраду, якую цяпер расьсьледуюць Мін'юст і Пэнтагон. Гэта 21-гадовы службовец Нацыянальнай гвардыі штата Масачусэтс (служыць у ВПС). Ён зьяўляецца лідэрам закрытай чат-групы ў сацыяльнай сетцы Discord, папулярнай сярод аматараў відэагульняў, дзе ён дзяліўся з аднадумцамі сакрэтнымі дакумэнтамі.

Па зьвестках журналістаў, падазраваны быў лідэрам закрытай чат-суполкі пад назвай Thug Shaker Central, у склад якой уваходзяць 20-30 падлеткаў і маладых людзей, якія цікавяцца зброяй і відэагульнямі і дзяліляцца на плятформе расісцкімі мэмамі. NYT паведаміла аб гэтым са спасылкай на крыніцы і на дакумэнты, якія апынуліся ў яе распараджэньні.

Некаторыя з найбольш адчувальных матэрыялаў, разьмешчаных у сетцы, зьвязаны, як сьцьвярджаецца, з ваеннымі перавагамі і слабасьцямі Ўкраіны, а таксама з інфармацыяй аб саюзьніках ЗША, у прыватнасьці аб Ізраілі, Паўднёвай Карэі і Турэччыне.

Ідэнтыфікацыя 21-гадовага гвардзейца з адносна нізкім званьнем хутка выклікала пытаньні аб тым, як ён мог атрымаць доступ да такіх высокасакрэтных дакумэнтаў.

Нацыянальная гвардыя ВПС ЗША, не пацьвярджаючы яго асобы, заявіла:

«Мы ведаем аб расьследаваньні меркаванай ролі вайскоўца нацыянальнай гвардыі ВПС Масачусэтсу ў нядаўнім выцеку сакрэтных дакумэнтаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN паведаміла, што Кіеў зьмяніў ваенныя пляны праз выцек дакумэнтаў Пэнтагону. У Кіеве адказалі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн імкнуўся разьвеяць асьцярогі з нагоды выцеку сакрэтных дакумэнтаў, якія нібыта раскрываюць падрабязнасьці вайсковага патэнцыялу некаторых саюзьнікаў і праціўнікаў ЗША.

«Як вы ведаеце, вядзецца поўнамаштабнае расьследаваньне з удзелам выведніцкай супольнасьці і Міністэрства юстыцыі, — сказаў Байдэн журналістам у Дубліне 13 красавіка перад паведамленьнем аб арышце, — І яны набліжаюцца».

Раней у той жа дзень Белы дом заявіў, што Байдэн не абмяркоўваў гэтага пытаньня з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Сунакам падчас сустрэчы ў Паўночнай Ірляндыі ў пачатку гэтага тыдня.

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла ў эфіры ўкраінскай тэлевізіі 12 красавіка, што «рызыка выцеку вельмі мінімальная», таму што толькі «вельмі вузкае кола людзей» ведае пра ваенныя пляны Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эгіпет хацеў таемна перадаць Расеі 40 тысяч ракет, снарады і порах