Паводле абвінавачаньня, першапачаткова Пратасевіч у траўні — верасьні 2020 году разам са Сьцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам выконваў функцыі кіраўніка NEXTA, у тым ліку фармаваў кантэнт тэлеграм-каналаў групы, аднак у кастрычніку 2020 году ён пераехаў з Варшавы ў Вільню і да траўня 2021 году адміністраваў і вёў тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» і яго сацсеткі, якія ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», паведамляе РИА «Новости».
У той жа час у новым абвінавачаньні ў дачыненьні да Пратасевіча прыбралі згадку аб «навучаньні і матэрыяльным забесьпячэньні асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках і грубым парушэньні грамадзкага парадку» — яе таксама прыбралі з новага абвінавачаньня Сьцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку.
Як растлумачыла пракурор, падчас судовага слуханьня «ўзьнікла неабходнасьць прадʼявіць Пратасевічу больш цяжкае абвінавачаньне ў параўнаньні з раней прадʼяўленым і істотна адрозным ад яго».
У судовым паседжаньні абвясьцілі перапынак да 19 красавіка, каб Пратасевіч мог азнаёміцца з прадʼяўленым абвінавачаньнем перад новым допытам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Рамана Пратасевіча: ад скандальнага затрыманьня да судуРаней абвінавачаньне ў «паўторным кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем» таксама дадалі Яну Рудзіку: паводле абвінавачаньня, пасьля працы ў NEXTA Рудзік у чэрвені 2021 — траўні 2022 году кіраваў працай тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга».
Працэс у «справе Nexta» пачаўся 16 лютага ў Менскім абласным судзе. Аўтараў тэлеграм-канала Сьцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць завочна, Рамана Пратасевіча, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, — у судовай залі. Ім інкрымінуюць ня менш як 1586 эпізодаў.
У ліку абвінавачаньняў:
- распальваньне сацыяльнай варожасьці;
- арганізацыя масавых беспарадкаў, навучаньне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх;
- публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім;
- паклёп і публічная абраза Лукашэнкі;
- змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
- фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці;
- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.
Пуцілу таксама інкрымінавалі арганізацыю дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвінавачаньне ацаніла шкоду, нібыта прычыненую дзяржаве фігурантамі «справы Nexta», у 30 млн рублёўПры накіраваньні справы ў суд Генпракуратура «ў інтарэсах дзяржавы» заявіла пазоў аб пакрыцьці абвінавачанымі маёмаснай шкоды на агульную суму звыш 30 млн рублёў.
Пуцілу і Рудзіка, якія знаходзяцца за мяжой, судзяць завочна ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня». Раман Пратасевіч, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, — у судовай залі.
Пратасевіча затрымалі пасьля прымусовай пасадкі ў Менску 23 траўня 2021 году самалёта, які накіроўваўся з Атэнаў у Вільню. 25 чэрвеня 2021 году стала вядома, што Пратасевіча і Соф‘ю Сапегу перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. На пачатку студзеня 2022 году Пратасевіч заявіў, што заключыў дасудовае пагадненьне са сьледзтвам і выйшаў з-пад хатняга арышту.