У Беларусі на сёньня 1483 палітвязьні, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітзьняволеных нашмат больш.
Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнула ўвагу, што Менскі гарадзкі суд прызначыў на 19 красавіка новы працэс над ужо асуджанай экс-супрацоўніцай Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ксеніяй Луцкіной.
Як вынікае з графіку пасяджэньняў Мінгарсуду, раніцай 19 красавіка судзьдзя Тацяна Фалькоўская пачне разгляд у дачыненьні да Ксеніі «пытаньняў, зьвязаных з вынясеньнем прысуду, пастановы на выкананьне». Сутнасьць пры гэтым не канкрэтызуецца, як няма і адсылкі на артыкулы Крымінальнага ці Адміністрацыйнага кодэксаў.
Ці прывязуць саму Луцкіну на гэты суд, таксама невядома; не выключана, што гэта фармальная працэдура.
- Былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну асудзілі 28 верасьня на 8 гадоў калёніі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
- У зьняволеньні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расьці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма. Ад пастаянных галаўных боляў журналістка вымушана прымаць абязбольвальнае.
- Вядома, што Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.