Першы суд, адміністрацыйны
Згодна з матэрыяламі справы, як піша «Вясна», 27 лютага 2022 года Дзьмітры Жыдко падчас рэфэрэндуму на на выбарчым участку, разьмешчаным у раённым цэнтры культуры, нібыта быў у стане алькагольнага ап’яненьня. Атрымаўшы бюлетэнь, ён зрабіў на ім непрыстойны надпіс, адрасаваны Лукашэнку. Затым, не апусьціўшы бюлетэнь у скрыню для галасаваньня, паказаў яго ў разгорнутым выглядзе камісіі, чым нібыта парушыў работу выбарчага ўчастка.
На бюлетэні быў надпіс: «Лукашэнка і Пуцін, ... жахлівым чынам».
1 сакавіка 2022 году судзьдзя Янаўскага раённага суду Генадзь Кудласевіч за гэты эпізод пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 15 дзён паводле артыкулу 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога міліцыянта асудзілі за хабар у асабліва буйным памерыДругі суд, крымінальны
Затым завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза прэзыдэнта), аднак пасьля экспэртызы вынесьлі пастанову аб спыненьні справы праз адсутнасьць складу злачынства, але завялі справу паводле ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства).
Як паведаміла «Вясна», справу разглядаў судзьдзя Мікалай Стасевіч, дзяржабвінаваўца — Карына Шымко.
На судовым пасяджэньні 7 красавіка 2023 году выступілі сьведкі, тры прадстаўніцы выбарчай камісіі. Прадстаўніца абвінавачаньня запрасіла для Жыдка два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, але з улікам амністыі гэты тэрмін прапанавала скараціць на адзін год.
Такі прысуд і быў вынесены ў панядзелак, 10 красавіка.
Камэнтар праваабаронцаў: парушаны асноўны прынцып правасудзьдзя
Такім чынам, як зьвяраюць увагу правабаронцы «Вясны», Дзьмітрыя Жыдка пакаралі двойчы, парушаючы правіла non bis in idem.
Згодна зь ім, ніхто ня можа быць пакараны двойчы за адно і тое ж парушэньне, правіла зьяўляецца унівэрсальным прынцыпам заканадаўчага рэгуляваньня юрыдычнай адказнасьці і замацавана ў актах міжнароднага права (п. 7 арт. 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах) а таксама ў ч. 2 артыкулу 115 Канстытуцыі, ч. 1 артыкула 14 Кодэксу аб судаўладкаваньні, арт. 14.1 ПВКаАП.
Такім чынам, як мяркуюць праваабаронцы, быў парушаны прынцып абавязковасьці судовай пастановы, паколькі аднаму і таму ж дзеяньню з розьніцай у год былі дадзены, па сутнасьці, дзьве юрыдычныя ацэнкі, спачатку ў парадку адміністрацыйнага працэсу, затым у парадку крымінальнага судаводзтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне кіраўніку беларускай кампаніі пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі за нясплату падаткаў і фінансаваньне агрэсіі