ЗША ўвялі санкцыі супраць 34 фізычных і больш як 120 юрыдычных асоб з Расеі і іншых дзяржаў. Адпаведны сьпіс апублікавала ў сераду, 12 красавіка, Міністэрства фінансаў ЗША. У ім ёсьць у тым ліку прадпрыемствы, якія ўваходзяць у структуру расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Росатом».
Адно зь іх, АТ «Русатом Оверсиз», адказвае за «прасоўваньне на міжнародны рынак лінейкі неэнэргетычных рашэньняў „Росатома“ ў галіне ядзерных тэхналёгій», у тым ліку ў сфэры вадароднай энэргетыкі. Пад новыя санкцыі ЗША трапіў таксама і прэзыдэнт «Русатам Оверсиз» Яўгеній Пакерманаў.
У сьпісе Мінфіну ЗША таксама значацца АТ «Навукова-дасьледчы і канструктарскі інстытут мантажнай тэхналёгіі „Атомстрой“», які распрацоўвае тэхналёгіі мантажу, рамонту і дэмантажу рэактарнага абсталяваньня атамных установак, а таксама Каўроўскі мэханічны завод і ВПА «Точмаш» — яны займаюцца вытворчасьцю цэнтрыфуг для ўзбагачэньня ўрану.
Санкцыі супраць расейскай атамнай галіны маглі ўвайсьці ў дзясяты пакет санкцыяў Эўразьвязу, прыняты ў канцы лютага, але ў выніку гэтага ня здарылася. Амэрыканскае выданьне Politico паведамляла са спасылкай на свае крыніцы, што ЭЗ, каб абысьці патэнцыйнае вэта Вугоршчыны, разглядаў магчымасьць увесьці санкцыі супраць асобных супрацоўнікаў «Росатома», а ня ўсёй дзяржаўнай карпарацыі, аднак адмовіўся ад гэтай ідэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына працягнула дамову з Расеяй аб дадатковых пастаўках газу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзевяць беларускіх банкаў трапілі пад санкцыі Канады, уключна з Нацыянальным