Бацьку дзяўчынкі з антываенным плякатам Аляксея Маскалёва, якога затрымалі ў Беларусі, экстрадавалі ў Расею з турмы № 8 у Жодзіна. Пра гэта паведаміў 12 красавіка праваабарончы праект «ОВД-Инфо».
Супрацоўнік турмы Жодзіна ў гутарцы з «ОВД-Инфо» адмовіўся даваць інфармацыю аб месцазнаходжаньні Аляксея Маскалёва: трэба асабіста зьявіцца ва ўстанову і паказаць пашпарт, каб атрымаць даведку пра чалавека, які там знаходзіцца.
Адвакат Уладзімір Біліенка, які прадстаўляе Маскалёва ў Расеі, расказаў, што яму не паведамлялі аб экстрадыцыі ягонага даверніка. Абаронца пакінуў заяву ў СІЗА-1 Тульскай вобласьці і папрасіў паведаміць, калі Маскалёва зьмесьцяць туды.
Біліенка дадаў, што падаў апэляцыю на прысуд, які раней вынесьлі яго падабароннаму. Скаргу павінны разгледзець у прысутнасьці Маскалёва, зазначыў адвакат.
Гісторыя пачалася з таго, што шасцікласьніца Маша Маскалёва з горада Яфрэмава Тульскай вобласьці год таму намалявала ў школе антываенны малюнак. У сацсетках яе бацькі Аляксея Маскалёва знайшлі камэнтар з «дыскрэдытацыяй арміі». У выніку дзяўчынку зьмясьцілі ў прытулак, а на мужчыну завялі крымінальную справу і адправілі пад хатні арышт.
28 сакавіка Маскалёву вынесьлі прысуд — два гады калёніі. Але на абвяшчэньне ён не зьявіўся, бо напярэдадні ўцёк з-пад хатняга арышту. Праз два дні яго затрымалі ў Менску. Тым часам Машу забрала з прытулку родная маці, зь якой дзяўчынка доўга ня мела зносін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 грамадзкіх ініцыятыў заклікалі не дапусьціць выдачы зь Беларусі расейца Маскалёва, асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі»Пасьля прысуду за Маскалёва ўступаўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, а ў расейскіх праўладных тэлеграм-каналах пісалі пра магчымы перагляд справы, аднак пакуль што паляпшэньня сытуацыі няма.
На мінулым тыдні праваабаронцы з цэнтру «Мемориал» і праекту «ОВД-Инфо» зьвярнуліся ў Эўракамісію і Раду Эўропы з заклікам зьвярнуць увагу на крымінальны перасьлед Аляксея Маскалёва.
Аўтары ліста прасілі міжнародныя органы выкарыстаць усе даступныя сродкі, каб прадухіліць экстрадыцыю Маскалёва з Рэспублікі Беларусь у Расею.
Праваабаронцы таксама адзначалі, што неабходна дамагацца перадачы Маскалёва ў трэцюю краіну — бясьпечную і гатовую яго прыняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раду Эўропы просяць не дапусьціць выдачы асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца зь Беларусі ў РФ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Сапега пагадзілася на эстрадыцыю ў Расею, мэнэджара культуры Макарэвіча вызвалілі пасьля 5 месяцаў за кратамі