Міліцыя абвясьціла ў вышук блогера Кабанава, які пакінуў Беларусь пасьля вызваленьня з турмы

Блогер Аляксандр Кабанаў 30 студзеня, 2023

У 2021 годзе Кабанава асудзілі на тры гады калёніі па абвінавачаньні ў грубым парушэньні грамадзкага парадку і абразе прадстаўніка ўлады.

Блогера Аляксандра Кабанава, які выехаў зь Беларусі пасьля вызваленьня, абʼявілі ў вышук. Аб гэтым ён сам напісаў у фэйсбуку.

Абвестка аб вышуку Кабанава зьявілася на сайце МУС з подпісам «вышук абвінавачаных/асуджаных».

У 2021 годзе блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна асудзілі на тры гады калёніі па абвінавачаньні ў грубым парушэньні грамадзкага парадку (артыкул 342 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вольна гаворыць па-беларуску». Што новага ў палітвязьняў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава

Перасьлед блогераў

Аляксандар Кабанаў разам зь Сяргеем Пятрухіным вёў Youtube-канал «Народны рэпарцёр». Вялікую вядомасьць блогеры набылі, калі асьвятлялі сытуацыю вакол будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу. У 2020 годзе Кабанаў да свайго арышту фактычна выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай.

15 чэрвеня 2020 году Кабанава затрымалі. 14 красавіка 2021 году ў Кастрычніцкім судзе Магілёва яго прызналі вінаватым у «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) ды «зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» (артыкул 369 КК) і прысудзілі яму 3 гады пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На былога палітвязьня, блогера Аляксандра Кабанава завялі новыя крымінальныя справы


17 сьнежня 2022 году Кабанаў выйшаў на волю з магілёўскай турмы № 4, цалкам адбыўшы тэрмін. У канцы студзеня Аляксандар пераехаў у Вільню. Пасьля гэтага ён даў некалькі вялікіх інтэрвію незалежным СМІ, у тым ліку рэсурсам, якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўская прасіла даць у СМІ, што яна здымаецца з выбараў. Я адмовіўся». Вялікая гутарка з былым палітвязьнем і блогерам Кабанавым
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшлі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, а таксама паэт Мікола Папека
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Сапега пагадзілася на эстрадыцыю ў Расею, мэнэджара культуры Макарэвіча вызвалілі пасьля 5 месяцаў за кратамі