Амэрыканская тэлекампанія CNN прааналізавала два відэазапісы, апублікаваныя ў сацыяльных сетках, на адным зь якіх, мабыць, расейскі салдат адрэзаў нажом галаву ўкраінскаму вайскоўцу.
«Падобна, відэазапісы прысьвечаныя асобным падзеям. Адзін зь іх, магчыма, зьнялі зусім нядаўна, у той час як другі, мяркуючы па колькасьці лісьця на зямлі, зьнялі летам», — паведаміла тэлекампанія.
У CNN мяркуюць, што адзін зь відэзапісаў, імаверна, зрабілі найміты з расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». На ім паказваюць абезгалоўленыя целы двух украінскіх вайскоўцаў, якія ляжаць на зямлі побач з разьбітай вайсковай тэхнікай.
Відэазапіс суправаджае голас, які зьмянілі, каб не дазволіць ідэнтыфікаваць асобу, якая кажа за кадрам па-расейску «[Бронеаўтамабіль] трапіў на міну», і, сьмеючыся дадае: «Яны іх забілі. Нехта падышоў да іх. Яны падышлі да іх і адсеклі ім галовы».
У матэрыяле CNN адзначаецца імавернасьць таго, што ўжо загінулым украінцам адсеклі і рукі.
«У расейскіх сацсетках гаворыцца, што відэа зьнята пад Бахмутам на ўсходзе Ўкраіны, дзе на працягу многіх месяцаў ішлі вельмі жорсткія баі з вагнэраўцамі. CNN ня можа самастойна пацьвердзіць месца, дзе зьнялі гэтае відэа», — адзначаецца ў матэрыяле.
Паводле амэрыканскіх журналістаў, другі відэзапіс, распаўсюджаны праз Twitter, моцна размыты і, падобна, быў зроблены летам. На ім нібыта расейскі салдат нажом адразае галаву ўкраінскаму вайскоўцу. Голас на відэа сьведчыць аб тым, што ахвяра была яшчэ жывая, калі яму пачалі адразаць галаву.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «кадры ў сацсетках з абезгалоўліваньнем вайскоўца жахлівыя, трэба праверыць іх дакладнасьць». «Пацьвярджэньне дакладнасьці стане падставай для праверкі», — дадаў ён.
Згодна з Жэнеўскай канвэнцыяй аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі, падпісанай Расеяй, палонным павінны быць гарантаваныя жыцьцё і людзкія ўмовы ўтрыманьня. Пакараньне сьмерцю або жорсткае абыходжаньне з ваеннапалоннымі зьяўляюцца ваеннымі злачынствамі.
Як адрэагавалі ва Ўкраіне
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сьвет ня мае права ігнараваць такія зьверствы.
«Гэтае відэа сьмяротнай кары ўкраінскага палоннага сьвет павінен бачыць. Гэтае відэа Расеі, якой яна ёсьць. Што гэта за істоты? Для іх няма людзей. Сын, брат, муж, дзіця кагосьці. Гэта відэа Расеі, якая спрабуе менавіта гэта зрабіць нормай — такую звычку зьнішчаць жыцьцё. Гэта не выпадковасьць. Гэта не эпізод. Так было раней. Так было ў Бучы. Тысячы разоў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Кіраўнік Украіны заклікаў міжнародных лідэраў адрэагаваць на гэтыя злачынствы расейцаў.
«Мы нічога не зьбіраемся забываць. І прабачаць забойцам. Законная адказнасьць будзе за ўсё. Трэба, каб тэрор прайграў», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб тым, што па факце ваенных злачынстваў, прадэманстраваных на апублікаваных відэазапісах, завялі крымінальную справу. Яе расьсьледуюць паводле ч. 2 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньня звычаяў і законаў вядзеньня вайны).
«Мы знойдзем гэтых нелюдзяў. Калі трэба будзе — дастанем паўсюль, дзе б яны не былі: з-пад зямлі ці з таго сьвету. Але за ўчыненае яны дакладна панясуць пакараньне», — заявіў кіраўнік СБУ Васіль Малюк.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў ня выключыў, што публікацыя відэазапісаў зь незаконнай сьмяротнай карай украінскіх вайскоўцаў зьвязана з жаданьнем Расеі перашкодзіць працэсу добраахвотнай здачы расейскіх вайскоўцаў ва ўкраінскі палон.
«Пэрыядычная публікацыя такіх відэазьверстваў расейскіх вайскоўцаў — гэта мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка Расеі, мэтай якой, у прыватнасьці, зьяўляецца і спроба дэмаралізацыі і панікі ва ўкраінскіх сілах абароны, а таксама — запалохваньне сваіх вайскоўцаў. Маўляў, „ня думайце здавацца ў палон, бо ва ўкраінскім палоне з вамі будуць рабіць тое, што мы робім з украінскімі палоннымі“», — сказаў Андрэй Юсаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі падкрэсьліў, што Ўкраіна выконвае нормы міжнароднага права аб утрыманьні палонных.
«Я магу нагадаць статыстыку, што сакавік стаў рэкордным па колькасьці заявак у праект „Хачу жыць“: больш за тры тысячы расейскіх вайскоўцаў зьвярнулі ва ўкраінскі праект з інфармацыяй аб жаданьні здацца ў палон, і на гэтым тле, разам з заградатрадамі і рэпрэсіямі ўнутры расейскага грамадзтва, выкарыстоўваюцца вось такія інструмэнты, каб зрабіць немагчымым гэты працэс. Гэта ўсё злачынствы, якія будуць расьсьледаваныя і пакараньне абавязкова будзе», — сказаў Андрэй Юсаў.
На публікацыю відэазапісаў таксма адрэагаваў Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.
«За ўсё будзе адказ і адказнасьць», — напісаў Ярмак у сваім тэлеграм-канале.
12 красавіка дарадца Ярмака па камунікацыях Дар’я Зарыўна заявіла, што відэа «канчаткова дэгуманізуе і дэманструе ўсю сутнасьць краіны-тэрарыста». Паводле яе слоў, мэта публікацыі гэтага відэа — запалохаць.
«Мэтавая аўдыторыя ня толькі Ўкраіна, але і заходнія грамадзтвы. Толькі на нас гэта не дзейнічае. Гэта тое, чаго баяцца расейцы, але ня мы», — напісала Зарыўна ў Telegram.
Радыё Свабода пакуль ня можа ўстанавіць паходжаньне гэтых відэа.
Напярэдадні ў амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны заявілі, што «Вагнэр», пэўна, працягвае зьдзяйсьняць ваенныя злачынствы, абезгалоўліваючы ўкраінскіх вайскоўцаў у Бахмуце.
6 сакавіка было апублікаванае відэа, на якім відаць, як нібыта расейскія вайскоўцы страляюць па бяззбройнаму чалавеку ў ваеннай украінскай форме пасьля таго, як ён кажа «Слава Ўкраіне».
12 сакавіка СБУ паведаміла, што сьледства канчаткова пацьвердзіла асобу загінулага: снайпэр 163-га батальёна 119-й асобнай брыгады тэрабароны Чарнігаўскай вобласьці Аляксандар Маціеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы знойдзем забойцаў». Зяленскі пракамэнтаваў імаверны расстрэл байца УСУ за вокліч «Слава Ўкраіне!»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.