Ігара Супранёнка затрымалі 29 сакавіка каля яго дому і арыштавалі на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць).
8 красавіка пасьля 10-суткавага арышту па тым жа артыкуле ня вызвалілі супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка кандыдата філязофскіх навук Ігара Бортніка. 10 красавіка суд Наваполацку арыштаваў яго яшчэ на 13 сутак на падставе пратаколу, складзенага паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Разам з Бортнікам і Супранёнкам 29 і 30 сакавіка было затрымана больш за 10 жыхароў Полацку і Наваполацку, сярод якіх былая дырэктарка ўстановы, загадчыца навукова-экспазыцыйнага аддзелу Тамара Джумантаева і фатограф Кірыл Смалякоў. Іх арыштавалі на 15 сутак.
Таксама былі затрыманыя іншыя супрацоўнікі запаведніка, у прыватнасьці, Аксана Шафран, Аксана Козел, Вольга Філімонава, Вікторыя Бабко, Надзея Язьмер і Алена Ходзікава. Частку затрыманых вызвалілі, забраўшы тэхніку і прызначыўшы даты судоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, грамадзян абвінавачваюць у «распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў», камэнтарах і лайках у сацсетках і мэсэнджарах.
Ігар Супранёнак — вядомы беларускі фатограф, журналіст, прадстаўнік фатаграфічнай дынастыі. Ён, як і ягоны бацька, доўгі час працаваў фотакарэспандэнтам наваполацкай гарадзкой газэты «Хімік», дакумэнтуе жыцьцё Полацку і Наваполацку. Яго фатаграфіі публікаваліся ў шэрагу выданьняў, прысьвечаных Полацку і Наваполацку, як у Беларусі, так і за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 красавіка: У Жлобіне затрымалі былога палітвязьня, які два тыдні таму выйшаў з калёніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: супрацоўніка полацкага музэя ня выпусьцілі пасьля 10 дзён арышту; сястра Максіма Знака вымушана зьехала зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН: Напрыканцы сакавіка ў няволі знаходзіліся 137 дзеячоў культуры Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У полацкіх музэйнікаў прайшлі ператрусы і затрыманьні, — «Наша Ніва»