Найстарэйшая расейская авіякампанія «Аэрафлот» упершыню адправіла на рамонт у Іран адзін са сваіх самалётаў. Гэта адбылося праз санкцыі, уведзеныя супраць Расеі пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, паведамляе расейскае выданьне РБК са спасылкай на дзьве крыніцы. Прадстаўнік перавозчыка гэта пацьвердзіў.
Аэрафлот адправіў Airbus A330-300 у Тэгеран 5 красавіка. Там яго будуць абслугоўваць спэцыялісты найбуйнейшага іранскага перавозчыка Mahan Air, асноўная мэта якога — рамонт стоек шасі.
Прадстаўнік «Аэрофлота» заявіў, што Mahan Air «мае неабходную матэрыяльную базу, сэртыфікаты і вялікі досьвед, правайдэр выконвае тэхнічнае абслугоўваньне на высокім узроўні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждума Расеі падчас вайны прыняла законапраект аб электронных позвах у ваенкаматы. Што гэта зьменіць?Як удакладняе РБК, тэхнічнае абслугоўваньне ў Іране абмяркоўвалася некалькі месяцаў. Раней з гэтай мэтай «Аэрофлот» зьвярнуўся ў ганконскую авіятэхнічную групу HAECO. Па стане на 1 красавіка ў парку «Аэрофлота» было 178 самалётаў Airbus і Boeing.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Польшчы ў ЭЗ расказаў, чаму Эўропа ніяк ня можа прыняць новыя санкцыі супраць Беларусі- У канцы лютага 2022 года, пасьля пачатку маштабнай вайны паміж Расеяй і Украінай, ЗША, Эўразьвяз і іншыя краіны ўвялі абмежаваньні на палёты расейскіх авіякампаній.
- Эўразьвяз забараніў экспарт у Расею тавараў і тэхналёгій, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыйнай і касьмічнай галінах, а таксама забараніў страхаваньне і абслугоўваньне тавараў, зьвязаных з гэтымі галінамі.
- У сярэдзіне чэрвеня амбасадар КНР Чжан Ханьхуэй заявіў, што Кітай гатовы пастаўляць расейскім авіякампаніям авіязапчасткі.
- Праз месяц Расея падпісала зь Іранам пагадненьне аб пастаўках абсталяваньня і абслугоўваньня самалётаў.
- У канцы сьнежня 2022 года ўрад Расеі легалізаваў так званую «канібалізацію» самалётаў — дазволіў здымаць запчасткі з адных самалётаў для рамонту іншых.
- Расейскія ўлады таксама дазволілі ўсталёўваць на замежныя самалёты, якія засталіся ў Расеі, неарыгінальныя замежныя дэталі.