У Гішпаніі пачалі тэставаць чатырохдзённы працоўны тыдзень

Гішпанія (ілюстрацыйнае фота)

Валенсія стала першым горадам у сьвеце, які ўвёў пілётны праект па чатырохдзённым (32-гадзінным) працоўным тыдні.

Кіраўнікі гішпанскага горада Валенсія пачалі экспэрымэнт па ўкараненьні чатырохдзённага працоўнага тыдня. Экспэрымэнт працягнецца да 7 траўня, пра гэта паведамляе гішпанскі канал RTVE

«Валенсія стане першым горадам у сьвеце, які правядзе пілётны месячны праект па 32-гадзінным працоўным тыдні», — адзначаецца ў прэс-рэлізе мэрыі горада.

У ходзе экспэрымэнту будзе прааналізавана, як скарочаны працоўны тыдзень уплывае на такія аспэкты, як здароўе і дабрабыт мясцовых жыхароў, навакольнае асяродзьдзе і эканоміку, асабліва ў сфэры гандлю, гасьціннасьці і вольнага часу. Чакаецца, што вынікі будуць прадстаўлены ў ліпені.

Раней пілётнае выпрабаваньне ў Вялікай Брытаніі ў 2022 годзе, праведзенае Кембрыджскім унівэрсытэтам, паказала, што работнікі, якія працуюць толькі чатыры дні на тыдзень замест пяці, маюць меншы ўзровень стрэсу і стомленасьці, у той час як прадукцыйнасьць павялічылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гішпаніі прынялі закон, які прадугледжвае «мэнструальны адпачынак»