У 2022 годзе зьвязаная з былой жонкай Пуціна кампанія зарабіла на крэдытах 4,8 мільёна даляраў

Людміла Ачарэтная, былая жонка Пуціна

Паводле зьвестак праекта «Можем объяснить», сама Людміла Ачарэтная летась асабіста атрымала ад кампаніі CarMoney 58 млн расейскіх рублёў.

Зьвязаная з былой жонкай Уладзіміра Пуціна Людмілай Ачарэтнай мікрафінансавая арганізацыя CarMoney па выніках 2022 году зарабіла 391,3 млн рублёў (4,8 мільёна даляраў ЗША).

За год кампанія павялічыла прыбытак на 140 млн рублёў, сьцьвярджае расейскі праект «Можем объяснить» са спасылкай на аўдытарскае заключэньне да фінансавай справаздачнасьці.

CarMoney выдае пазыкі пад заклад аўто. Яе чысты прыбытак вырас на 66% у параўнаньні з 2021 годам. У год вайны Расеі супраць Украіны расейцы больш актыўна пачалі браць пазыкі. На гэтым зарабіла і былая жонка расейскага прэзыдэнта – Людміла Ачарэтная (былая Пуціна).

Паводле зьвестак выданьня, сама Ачарэтная летась асабіста атрымала ад CarMoney 58 млн расейскіх рублёў (710 тысяч даляраў).

Выплаты праводзіў уладальнік мікрафінансавай арганізацыі — кіпрскі афшор Carmoney CY LTD. Ён кантраляваўся кампаніяй «Меридиан», 99% у якой належаць былой жонцы расейскага прэзыдэнта Расеі.

У канцы сьнежня 2022 года афшор перастаў быць уладальнікам CarMoney. Каб пазьбегнуць санкцый, кампанія перайшла ў расейскую юрысдыкцыю, а яе новым уласьнікам стала ТАА «Смарттэхгруп».

Кіраўніком новага ўласьніка стаў даўні фінансавы партнэр Ачарэтнай Антон Зіноўеў. Разам з Ачарэтнай ён валодае бізнэсам арэнды смартфонаў «Запросто», указваюць расьсьледнікі.

Улетку 2013 году Людміла Пуціна паведаміла, што іх шлюб з Уладзімірам Пуціным завершаны. У 2015 годзе яна выйшла замуж за Артура Ачарэтнага.

Каманда Навальнага ў жніўні 2022 году апублікавала расьсьледаваньне, дзе гаварылася, што былая жонка Ўладзіміра Пуціна Людміла і яе муж Артур Ачарэтны атрымліваюць ад мэрыі Масквы, «Газпрамбанка» і іншых кампаній мільёны рублёў, а таксама валодаюць кватэрамі і віламі ў Францыі, Швайцарыі і Гішпаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Аліны Кабаевай, якую называюць грамадзянскай жонкай Пуціна