Лукашэнка заявіў Шайгу, што хоча, каб Расея бараніла Беларусь «як уласную тэрыторыю»

Міністры абароны Расеі і Беларусі Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу 10 красавіка прыбыў у Менск для сустрэчы з Лукашэнкам.

Як піша БелТА, тэма размовы — бясьпекі і гарантыі для Беларусі ад Расеі, а таксама баявая падрыхтоўка і зладжваньне сумеснай групоўкі. БелТА цытуе словы Лукашэнкі на сустрэчы з Шайгу:

«Разьвітваючыся пасьля апошніх перамоваў з Пуціным, мы дамовіліся, што вы са спэцыялістамі прыедзеце ў Беларусь і мы сядзем з вамі, абмяркуем пытаньні бясьпекі Беларусі».

Лукашэнка сказаў Шайгу, што Пуцін на перамовах яму нібыта абяцаў, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расея абароніць Беларусь як уласную тэрыторыю.

«Вось такія нам патрэбны гарантыі бясьпекі», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка і Шайгу абмеркавалі баявую падрыхтоўку і зладжваньне так званай сумеснай саюзнай групоўкі, у складзе якой ёсьць і расійскія вайскоўцы. Лукашэнка сказаў, што Расея ў Беларусі трымае «некалькі тысяч вайскоўцаў»:

«Мы, наколькі гэта трэба, падключыліся да гэтага працэсу. І рыхтуем разам з вашымі афіцэрамі гэтых хлопцаў, баявое зладжваньне праводзім. Рыхтуем так, як належыць. Таму што расслабляцца нам тут не трэба. Вы бачыце, што палякі, літоўцы тут варушыцца пачалі ў нашым напрамку. Таму гэта добрая такая дапамога і апора для беларускай арміі, якая на заходнім фланзе абараняе Саюзную дзяржаву».

У сваю чаргу Сяргей Шайгу сказаў, што расейцам далі пяць палігонаў на тэрыторыі Беларусі:

«Яны абсталяваныя, аснашчаныя. Больш за тое, прыцягваецца дастатковая колькасьць інструктараў — афіцэраў беларускіх Узброеных Сіл для падрыхтоўкі ў тым ліку і нашага папаўненьня. Сапраўды тут дастаткова вялікая групоўка. І мы, вядома, сёньня разгледзім усе пытаньні яе далейшага і знаходжаньня, і падрыхтоўкі, і, мусіць, пашырэньня рамак, якія Вы абмяркоўвалі разам з Уладзімірам Уладзіміравічам», — сказаў міністар Шайгу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны ацанілі мэты візыту Лукашэнкі ў Маскву і пэрспэктывы разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

  • 10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
  • У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
  • Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу: Расея перадала Беларусі комплекс, здольны прымяніць ядзерныя ракеты

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.