Ужо сёньня: гадавіна выбуху ў менскім мэтро

Людзі дапамагаюць ахвяры выбуху ў менскім мэтро, 11 красавіка 2011

Падзеі 11 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі​.

Дата дня

2011 — адбыўся выбух у менскім мэтрапалітэне. У выніку тэракту загінулі 15 чалавек, 203 пацярпелі. Паводле судовага выраку меркаваных выканаўцаў выбуху Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава расстралялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 гадоў таму адбыўся выбух у менскім мэтро. Як гэта было

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Грузьдзіловіч. Хто ўзарваў менскае мэтро

Таксама ў гэты дзень

1814 — францускі імпэратар Напалеон Банапарт адрокся ад пасаду.

Напалеон, адрачэньне ад пасаду, карціна Поля Дэляроша

1863 — каля вёскі Новы Двор паўстанцкі аддзел Лідзкага павету на чале зь Людвікам Нарбутам зазнаў паразу ад колькасна большага расейскага войска.

1923 — у Вільні пачаўся першы зьезд пэдагогаў беларускіх сярэдніх школ Заходняй Беларусі, скліканы Таварыствам беларускай школы.

1927 — прынялі другую Канстытуцыю БССР.

1945 — адбылося паўстаньне вязьняў канцлягера Бухэнвальд. У памяць пра гэта 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлягераў.

1963 — гурт «The Beatles» выдаў сынгл «From Me to You». Гэта стала іх першай песьняй, якая трапіла на вяршыню ангельскага гіт-параду.

The Beatles, Рынга Стар, Пол Макартні, Джордж Гарысан і Джон Ленан

1995 — 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму. На рэфэрэндум выносіліся пытаньні аб скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, зьмены дзяржаўных сымбаляў, інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад фракцыі БНФ, 12 красавіка 1995

У гэты дзень нарадзіліся

1755 Джэймс Паркінсан, ангельскі доктар, які першы апісаў сымптомы захворваньня, вядомага сёньня пад назвай хваробы Паркінсана. Сёньня ж адзначаецца Сусьветны дзень змаганьня з хваробай Паркінсана.

1936Івонка Сурвіла, дзяячка беларускай эміграцыі, ад 1997 году старшыня Рады БНР.

Івонка Сурвіла падчас сьвяткаваньня 100 год БНР у Празе

Чытаць кнігу зь Бібліятэкі Свабоды «Івонка Сурвіла. Дарога»

У памяці

1937 — у няволі памёр рэпрэсаваны беларускі пісьменьнік і дзяржаўны дзеяч Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч). Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён памёр у Магілёўскай псыхлякарні. Таксама існуе меркаваньне, што ён скончыў жыцьцё самагубствам.

Зьміцер Жылуновіч зь сям'ёй

1977 Жак Прэвэр, францускі паэт.

2007 Курт Вонэгут, амэрыканскі пісьменьнік