Пра рашэньне пакінуць Беларусь у «Мотор Січ» заявілі яшчэ летась у кастрычніку. Аднак заява пра ліквідацыю прадстаўніцтва ў Менску паступіла толькі ў лютым 2023 году, піша Office Life. Цяпер Менскі гарвыканкам разглядае яе.
Рашэньне сысьці зь беларускага рынку ў кампаніі прынялі праз два дні пасьля затрыманьня ўкраінскімі праваахоўнікамі кіраўніка і акцыянэра запароскага заводу Вячаслава Багуслаева. Неўзабаве СБУ апублікавала матэрыялы праслухоўваньня тэлефону Багуслаева пра пастаўкі прадукцыі ў Расею. Цяпер бізнэсовец праходзіць па крымінальнай справе аб здрадзе радзіме.
Акрамя таго, карпарацыя «Мотор Січ» празь Беларусь супрацоўнічала з буйнымі вайсковымі прадпрыемствамі Ірану. На адным зь іх вырабляліся дроны, якімі цяпер Расея атакуе ўкраінскія гарады. На Багуслаева наклаў санкцыі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ўвёў новыя санкцыі супраць Расеі. У сьпісе — экс-кіраўнік «Мотор Січ», ФСБ, Савет фэдэрацыі РФБагуслаеў і «Мотор Січ» працавалі на беларускім рынку ў першай палове 2010-х. У 2012 годзе ўкраінская кампанія стала ўладальнікам 60% акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу. Плянавалася спачатку праводзіць на ім глыбокую мадэрнізацыю верталётнай тэхнікі (Мі-8, Мі-2, Мі-24), а потым і вырабляць яе. Паводле ацэнак кіраўнікоў «Мотор Січ», на пачатковай стадыі інвэстыцыйнага праекту ў яго ўклалі каля $ 20 млн.
Затым ва Ўкраіне пачалася вайна, а кантрольны пакет акцый кампаніі прадалі кітайскай фірме Beijing Skyrizon. У 2018 годзе праз слабую актыўнасьць на Аршанскім авіярамонтным заводзе ўлады Беларусі нацыяналізавалі прадпрыемства, і «Мотор Січ», такім чынам, не рэалізаваў свой праект.
У 2021 годзе на маёмасьць і акцыі «Мотор Січ» наклалі арышт, а ў лютым 2022 Украіна нацыяналізавала прадпрыемства, цяпер яно пад кантролем дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі былога акцыянэра Аршанскага авіярамонтнага заводу, кіраўніка кампаніі «Мотор Січ»