«Супольнасьць чыгуначнікаў» апублікавала дакумэнт, паводле якога зь Беларускай чыгункі звольняць каля 2000 чалавек

Менскі вакзал

Ініцыятыва «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» апублікавала дакумэнт па аптымізацыі арганізацый Міністэрства транспарту на 2023 год.

Згодна з гэтым плянам, піша zerkalo. io, у арганізацыях міністэрства зьбіраюцца звольніць больш за 2600 чалавек. З іх каля 2000 — гэта работнікі Беларускай чыгункі.

Дакумэнт называецца «Плян мерапрыемстваў па аптымізацыі структуры, функцый і штатнай колькасьці работнікаў арганізацый, якія ўваходзяць у сыстэму Міністэрства транспарту і камунікацый на 2023 год» і датаваны 15 сакавіка 2023 году. У ім чыгунка, куды ўваходзяць 22 арганізацыі, згадваецца практычна ў кожным пункце.

«У выніку, у адпаведнасьці толькі з дадзеным плянам мерапрыемстваў (ад 15.03.2023), на Беларускай чыгунцы заплянавана звольніць каля 2000 чалавек. Пры гэтым чакаецца вызваленьне грашовых сродкаў у памеры каля 40 млн. беларускіх рублёў. Менавіта столькі сродкаў плянуе зэканоміць транспартная галіна Беларусі ў 2023 годзе за кошт саміх беларусаў. Прызначэньне і разьмеркаваньне зэканомленых сродкаў застаецца невядомым, таксама як і лёс звольненых. Далейшае працаўладкаваньне для чыгуначнікаў не прадугледжваецца», — гаворыцца ў публікацыі «Супольнасьці чыгуначнікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі»: з упраўленьня БЧ звольнілі чарговага топ-чыноўніка

Раней ініцыятыва са спасылкай на свае крыніцы паведамляла аб тым, што ўсяго за год зьбіраюцца звольніць каля 8000 працаўнікоў. Крыніцы сьцьвярджалі, што прычына такога скарачэньня — санкцыі, з прычыны якіх транзыт грузаў у ЭЗ значна скараціўся, а таксама пагроза закрыцьця грузавых зносін з боку Польшчы.

Міністэрства транспарту, аднак, абвергла гэтыя заявы ініцыятывы, назваўшы іх «інфармацыйным укідам».

Па дадзеных «Супольнасьці чыгуначнікаў», на сакавік 2023 году ў арганізацыях БЧ працуюць 64 603 працаўнікі.

  • У канцы студзеня 2023 году ўлады Беларусі прызналі «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» экстрэмісцкім фармаваньнем .
  • Гэтая структура ў сваім Тэлеграм-канале публікуе зьвесткі пра ціск на беларускіх чыгуначнікаў і перасоўваньне расейскай вайсковай тэхнікі па краіне.