Сахашчык: «КДБ рыхтуе правакацыі на заходняй і паўднёвай межах Беларусі»

Валер Сахашчык

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справе абароны і нацыянальнай бясьпекі Валер Сахашчык заявіў у інтэрвію «Белсату», што рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да правакацыйных дзеяньняў на дзяржаўных межах Беларусі.

«Вядома, што КДБ даўно распрацаваў плян правакацыі на заходняй і паўднёвай мяжы, напрыклад, у сувязі з вясновым наступленьнем Узброеных сіл Украіны або з правядзеньнем саміту NATO ў Вільні 11-12 ліпеня», — заявіў Сахашчык.

Адкуль менавіта ён мае такія зьвесткі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справе абароны і нацыянальнай бясьпекі не ўдакладніў.

Таксама цяпер, паводле зьвестак Сахашчыка, у Берасьцейскай вобласьці праводзяць прызыў «тысяч вайскоўцаў запасу для камплектаваньня злучэньняў і вайсковых частак і далейшага іх зладжваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэдыя-Палесьсе»: У Лунінцы прадстаўнікі ваенкаматаў хапаюць мужчын — каго на вуліцы, каго проста з ложка

«Міжнародная ізаляцыя і нарастаньне ўнутранага напружаньня прымушаюць Лукашэнку пастаянна павышаць узровень агрэсіі ў адносінах да нашых суседзяў. Ён увязваецца ў любую авантуру на заходняй мяжы і кожны раз пагражае, што, маўляў, калі зараз зь ім не дамовяцца, то будзе яшчэ горш. Цяпер рэалізуецца чарговы этап гэтага пляну», — дадаў Валер Сахашчык, адзначыўшы, што «ад пагрозы агрэсіі да самой агрэсіі ўсяго адзін крок».

Тым часам Аляксандар Лукашэнка, а за ім беларускія сілавікі заяўляюць, што беларуская апазыцыя нібыта «рыхтуе правакацыі ў Беларусі», «ажно да тэрактаў», а войскі NATO, па словах камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, нібыта «знаходзяцца на мяжы, шукаючы падставы стварыць нейкі прэцэдэнт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ і Мінабароны Беларусі заявілі, што ў лістападзе чакаецца атака з Украіны на Маларыту