У Гомлі прарвала водаправод у Савецкім раёне на вуліцах з прыватным сэктарам Далёкая, 2-я Заводзкая а 13 гадзіне дня. Было парушана водазабесьпячэньне 40 дамоў, у якіх пражывае 96 жыхароў. Ратавальнікі паведамляюць, што робяць захады дзеля ліквідацыі аварыі. Пакуль арганізавалі падвоз пітной вады жыхарам.
Таксама аварыя на водаправодзе здарылася ў Пінскім раёне, у вёсцы Новы Палац. Там пашкоджаны цэнтральны вадавод. Без вады засталіся 26 мясцовых жыхароў і падключаны да воднай артэрыі псыханэўралягічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзе пражываюць 293 чалавекі.
Для жыхароў арганізавалі падвоз пітной вады. Камунальнікі пачалі аварыйна-аднаўленчыя работы, але месца парыву знаходзіцца ў зоне затапленьня грунтавымі водамі, таму працы могуць зацягнуцца. Заўтра камунальнікі плянуюць зрабіць часовы «альтэрнатыўны водаправод», піша БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 дамоў у Докшыцах засталіся без вады. Гэта ўжо другі падобны выпадак у Беларусі за тыдзень- 4 красавіка прарвала водаправод у Берасьці, у месцы прарыву ўтварылася сапраўднае возера. У многіх дамах Берасьця зьнікла халодная вада, або напор моцна зьнізіўся. Мясцовыя жыхары паведамлялі, што ў некаторых кватэрах вада калі і была, то ржавая.
- 3 красавіка прарвала водаправод у Лагойску. Без водазабесьпячэньня засталася частка гораду, у тым ліку Лагойская цэнтральная раённая бальніца і дом-інтэрнат.
- 2 красавіка ў выніку прарыву водаправоду без вады засталіся 10 шматкватэрных і 30 прыватных жылых дамоў у Докшыцах.
- Таксама 2 красавіка прарвала водаправод у Сьветлагорску, у мікрараёне Юбілейным.
- 30 сакавіка адбылася аварыя на трубаправодзе ў старой частцы Барысава. Жыхары гэтага мікрараёну і частка новага засталіся безь пітной вады.