Цапкала прапануе Захаду аб'явіць ультыматум Лукашэнку, каб той вызваліў палітвязьняў

Валеры Цапкала

Суд у Менску прысудзіў былому прэтэндэнту на выбарах прэзыдэнта Валеру Цапкалу 17 гадоў зьняволеньня. Яго абвінавачвалі паводле 12 крымінальных артыкулаў.

У інтэрвію Свабодзе Premium палітык расказаў, ці баіцца выраку, а таксама пра ўльтыматум, які, на яго думку, можа прымусіць Лукашэнку вызваліць палітвязьняў, пра неабходнасьць выбараў альтэрнатыўнага парлямэнту і тое, чым Цапкала адрозьніваецца ад іншых апанэнтаў рэжыму ў Беларусі.

Цапкала кажа, што не кантактаваў з судом, але бачыў некаторыя абвінавачаньні, у прыватнасьці, адносна нібыта стварэньня кампаніі на Кіпры. У дакумэнтах сьледзтва спасылалася на кіпрскага юрыста. Паводле Цапкалы, ён асабіста званіў нядаўна гэтаму чалавеку, і той зьняпраўдзіў словы, якія яму прыпісала сьледзтва.

Прысуд сабе Цапкала ацэньвае як пакараньне за ўдзел у палітычнай дзейнасьці ў 2020 годзе, за ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

«Я разглядаю гэта як ацэнку той палітычнай дзейнасьці, якую я вёў у 2020 годзе і працягваю весьці цяпер. У гэтым сэнсе гэты прысуд нічым не адрозьніваецца ад таго, што атрымалі іншыя кандыдаты або тыя, хто хацеў удзельнічаць у выбарах, Віктар Бабарыка або Сяргей Ціханоўскі», — кажа Цапкала.

У інтэрвію Свабодзе, якое вы цалкам можаце пабачыць на нашым ютуб-канале, Цапкала таксама расказаў пра сваю ініцыятыву — абвясьціць рэжыму Лукашэнкі ўльтыматум дзеля вызваленьня палітвязьняў.

«Ультыматум можа высунуць Эўразьвяз і ЗША. Мы цяпер праводзім актыўныя кансультацыі наконт гэтага. Або Лукашэнка вызваляе палітвязьняў, або будзе спыненае чыгуначнае злучэньне паміж Беларусьсю і ЭЗ. Гэта тавары, якія ідуць з Кітаю, праз Расею і Беларусь, у Эўропу. Каля 5% усяго экспарту з Кітаю ў Эўразьвяз ідзе па чыгунцы. Тры або чатыры дні закрытай мяжы будзе для краін Захаду значна меншай стратай, чым кошты вайны. У дзень празь Беларусь ідзе каля 70 цягнікоў», — сьцьвярджае Цапкала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельніку выбарчай кампаніі 2020 году Цапкалу завочна прысудзілі 17 гадоў калёніі

Працэс над удзельнікам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2020 году Валерам Цапкалам праходзіў з 1 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе завочна, бо падсудны цяпер за межамі Беларусі.

Валер Цапкала разам зь дзецьмі пакінуў Беларусь у ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 году.

Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Епіхаў.

29 сакавіка пракурор запрасіў Цапкалу 19 гадоў зьняволеньня. 7 красавіка палітыку прысудзілі 17 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.