Беларус Віталь Алексяёнак стаў фіналістам прэстыжнай Прэміі маладых дырыгентаў імя Гербэрта фон Караяна

Віталь Алексяёнак

У лік трох фіналістаў Прэміі маладых дырыгентаў імя Гербэрта фон Караяна выбралі беларускага дырыгента Віталя Алексяёнка.

Ён будзе змагацца за перамогу ў конкурсе на Зальцбургскім фэстывалі ў жніўні з аўстрыйцам Тобіясам Вэгерэрам і карэйцам Ханкелем Юнам. Пра гэта паведамляе выданьне Reform.by.

Вызначэньне трох фіналістаў прэстыжнай прэміі адбылося 3 красавіка пасьля рэпэтыцыі дырыгентаў-канкурсантаў з аркестрам «Моцартэум», аўстрыйскім ансамблем новай музыкі, у прысутнасьці журы конкурсу. Журы выбрала Алексяёнка, Вегерэра і Юна, і іхным наступным крокам стане дырыгаваньне гадзінным канцэртам на Зальцбурскім фэстывалі ў Аўстрыі — сусьветнавядомым форуме музыкі і драмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белыя дні Менску». Як дырыгент мюнхэнскага аркестру напісаў кнігу пра беларускую рэвалюцыю

«Я надзвычай удзячны за гэты давер, прызнаньне і падтрымку, і віншую маіх дарагіх калегаў Тобіяса і Ханкеля і іншых удзельнікаў, якія, хоць і не прайшлі ў фінал, былі выбраныя з больш як 320 заявак і зрабілі фантастычную працу», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Віталь Алексяёнак.

Прэмія маладых дырыгентаў імя Гербэрта фон Караяна — гэта ініцыятыва Зальцбурскага фэстывалю ў супрацоўніцтве з Інстытутам Эліет і Гербэрта фон Караянаў.

Тым часам пакуль ідзе падрыхтоўка на фінальнага этапу конкурсу, Віталь Алексяёнак анансаваў свае бягучыя праекты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не прыходзіцца апраўдвацца, што я беларус». Беларускі дырыгент выступае ў Ля Скаля, пад бомбамі ў Харкаве і для беларускіх палітвязьняў

«Я шчасьлівы вярнуцца ў Дзюсэльдорф, паглыбіўшыся ў інтэнсіўныя рэпэтыцыі з дарагім мне Дзюсэльдорфскім сымфанічным аркестрам, — адзначыў ён. — У тым ліку ў рэпэтыцыі над „Мэтамарфозамі“ Штраўса, Базэльскім канцэртам і „Вясной сьвятой“ Стравінскага ў рамках нашай новай пастаноўкі ў Нямецкай опэры на Рэйне. Наперадзе столькі ўзрушальнай музыкі і супрацоўніцтва з фантастычнымі людзьмі, які гэта падарунак!» — напісаў музыка.

Для Віталя Алексяёнка, які родам зь Вілейкі, гэта ўжо ня першы досьвед працы на міжнароднай акадэмічнай сцэне. Пазалетась ён працаваў галоўным дырыгентам у аркестры Мюнхэнскага ўнівэрсытэту. У кастрычніку 2021 году перамог у конкурсе дырыгентаў імя Артура Тасканіні — заняў першае месца, атрымаў прыз глядацкіх сымпатыяў. У 2022 годзе быў запрошаны ў тэатар La Scala для пастаноўкі опэры «Маленькі прынц» паводле казкі Экзюпэры, а затым быў прызначаны на пасаду дырыгента ў Нямецкай опэры на Рэйне.

У пачатку 2023 году Алексяёнак быў запрошаны на пасаду галоўнага дырыгента ў сыцылійскі Тэатар Масыма Бэліні ў Катаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, які паставіў «Маленькага прынца» ў Ля Скаля, стаў дырыгентам Нямецкай опэры на Рэйне