Пасол Кітаю ў Эўразьвязе заявіў, што заявы аб «бязьмежным сяброўстве» КНР з Расеяй — толькі рыторыка

Амбасадар Кітаю ў Эўразьвязе Фу Цун

Паводле амбасадара, Кітай не падтрымлівае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.

Кітай не падтрымлівае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, не прызнае Крым і Данбас расейскімі, а заявы пра «бязьмежнае сяброўства» з Расеяй рытарычныя, пра гэта сказаў амбасадар Кітаю ў Эўразьвязе Фу Цун у інтэрвію газэце New York Times.

Фу Цун пракамэнтаваў заяву пра «бязьмежнае сяброўства» Масквы і Пэкіна, зробленую па выніках візыту прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Кітай напярэдадні расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. «Дружба бязь межаў — ня больш чым рыторыка», — заявіў Фу Цун.

Пры гэтым ён сказаў, што Кітай не асудзіў напад Расеі на суседнюю краіну, бо разумее яе наратыў пра абарончую вайну супраць NATO і лічыць, што «першапрычыны больш складаныя», чым гавораць заходнія лідэры.

Таксама Фу Цун падкрэсьліў, што Кітай не пастаўляе і ня будзе пастаўляць Расеі зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Кітай ня можа дапусьціць паразы Расеі ў вайне ва Ўкраіне?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Кітаю Беларусь, а Беларусі — Кітай? Тлумачыць кітаіст Цемур Умараў