Андрэй Шмай працаваў у Віцебскім аблвыканкаме з 2013 году, быў рабочым па комплексным абслугоўваньні і рамонце будынкаў і збудаваньняў.
«19 студзеня пасьля заканчэньня працоўнага дня Андрэя папрасілі затрымацца нейкія людзі. Папрасілі затрымацца, ён затрымаўся і ўсё. На працы сказалі, што затрымалі спэцслужбы. Я ня ведаю, за што яго затрымалі, відаць, за тое, што проста ўкраінец», — расказвала раней маці Шмая «Флагштоку».
Як расказалі ў фільме прапагандысцкага каналу АНТ, Шмай нібыта зь верасьня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Ўкраіну, праз мэсэнджар «Сыгнал», свайму малодшаму брату Руслану. Той служыць у чарнігаўскім упраўленьні «Поўнач» маёрам, намесьнікам камандзіра па апэратыўных пытаньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі пасол: у Беларусі арыштавалі сем грамадзян Украіны нібыта за шпіянаж, доступу консулаў да іх нямаПа словах Шмая, брата цікавіла інфармацыя аб «мерапрыемствах па ўзмацненьні аблвыканкамаў», ён папрасіў Андрэя паведамляць, «калі будзе мяняцца абстаноўка».
Андрэй Шмай — былы вайсковец, служыў з 2006 па 2013 гады на беларуска-ўкраінскай мяжы інспэктарам пункту пропуску «Ярылавічы».
Цяпер мужчына ў СІЗА. Яго, як паведамілі на АНТ, абвінавачваюць па артыкуле 358-1 Крымінальнага кодэксу — «агентурная дзейнасьць».
МУС і КДБ публічна не камэнтавалі сытуацыю. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі таксама не далі адказу на запыт ад украінскай амбасады ў Беларусі і МЗС Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вусаў: Візыт Нарышкіна і чарговыя «тэракты з шпіёнамі» — ідэалягічнае афармленьне для разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі