Разам з тым, паводле слоў палітыка, у цэлым «гэта не мяняе сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека ў Беларусі і польскай меншасьці». Ён упэўнены, што рэпрэсіі супраць палякаў будуць узмацняцца.
«Сёньня кіраўнік Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Іван Тэттэль заявіў, што ў апошнія дні нібыта за агентурную дзейнасьць у Беларусі былі затрыманыя некалькі грамадзян Польшчы разам з грамадзянамі... Літвы, Латвіі», — зьвярнуў увагу прадстаўнік АПК.
Латушка адзначыў: Тэртэль па выніках сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком Службы зьнешняй разьведкі Расеі Сяргеем Нарышкіным 4 красавіка ў Менску заявіў пра «жорсткую рэакцыю на любыя антыбеларускія — у яго разуменьні — дзеяньні польскага боку». Нарышкін, у сваю чаргу, сказаў, што «Польшча рыхтуе плян анэксіі Заходняй Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не забываемся пра вас!» МЗС Польшчы пацьвердзіў вызваленьне з-пад хатняга арышту Анжалікі Борыс«Мы бачым, што гэтая скаардынаваная дзейнасьць спэцслужбаў Беларусі і Расеі скіравана супраць Польшчы, — сказаў ён. — З аднаго боку Лукашэнка дэманструе сваю велікадушнасьць беларусам, памілаваўшы аднаго чалавека. З іншага, гэта гульня, накіраваная на грамадзтва, каб сфармаваць у беларусаў вобраз Польшчы як магчымага агрэсара ў дачыненьні і да Ўкраіны, і да Беларусі, як варожай беларусам краіны».
Палітык заявіў, што, «становішча польскіх грамадзян у Беларусі пагаршаецца», таму рэкамэндаваў палякам не наведваць яе «найбліжэйшым часам».
Латушка нагадаў пра зьнішчэньне польскіх могілак, затрыманьні прадстаўнікоў польскай меншасьці, скарачэньне магчымасьцяў вывучэньня польскай мовы ў Беларусі, працяг гібрыднай агрэсіі з выкарыстаньнем нелегальных мігрантаў, пляны па разьмяшчэньні ядзернай зброі.
«Лукашэнка не мяняе сваю антыпольскую прапаганду. Ён і яго падначаленыя пастаянна агучваюць антыпольскую рыторыку», — канстатаваў ён.
Кажучы пра пэрспэктывы вызваленьня журналіста і актывіста СПБ Анджэя Пачобута, палітык адзначыў, што «працяг моцнага ціску» у доўгатэрміновай пэрспэктыве прымусіць рэжым Лукашэнкі «пайсьці ў адстаўку і выпусьціць больш людзей, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах».
«Практыка неаднаразова паказвала, што пад моцным ціскам Лукашэнка саступае», — заявіў прадстаўнік АПК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я палякаў не караю...» Зьнішчэньне польскіх магілаў як апошні аргумэнт ЛукашэнкіЯк разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».