Навошта Нарышкін наведвае Беларусь і чаму адразу пасьля яго візыту дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне шпіёнаў і перадухіленьне чарговых тэрактаў у Беларусі?
Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium расказвае доктар палітычных навук, кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, адзін з кіраўнікоў руху «Вольная Беларусь» Павал Вусаў.
Старшыня КДБ Беларусі заявіў падчас сустрэчы пра затрыманьне грамадзян Польшчы і краін Балтыі нібыта за агентурныя апэрацыі ў Беларусі. А дзяржаўныя СМІ анансавалі ўвечары падрабязнасьці нібыта чарговых спробаў тэрактаў у краіне. Іх, паводле прапагандыстаў, зьбіраліся ўчыніць беларускія і расейскія грамадзяне, кіраваныя ўкраінскімі спэцслужбамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі распрацуюць новую ваенную дактрыну. Апублікаваны новы праект Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекіНа думку Вусава, прыезд Нарышкіна мае на мэце стварыць атмасфэру для ідэалягічнай легітымізацыі разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі.
Вусаў: Гэта павінна прадэманстраваць найперш беларускаму насельніцтву, што ворагі рыхтуюцца да таго, каб захапіць Беларусь, што яны рыхтуюць тэракты ў Горадні, Берасьці. Усё гэта, з аднаго боку, стварае атмасфэру псыхалягічнай гістэрыі, а зь іншага боку — паказвае, што Расея нас ня кіне, а абароніць. І менавіта таму яна разьмяшчае тут ядзерную зброю, каб не дапусьціць захопу Беларусі.
Паводле Вусава, сёньняшнія заявы кіраўніка КДБ і дзяржаўных СМІ — гэта выдумкі, падпарадкаваныя выключна адной мэце — інтарэсам Расеі.
Вусаў: Прыезд Нарышкіна — гэта працяг усё большай кансалідацыі сілавых рэсурсаў Беларусі ў руках Масквы. Мы бачым наратывы і дзеяньні КДБ, якія карысныя зьнешняй выведцы Расеі. Мне падаецца, што КДБ ужо даўно стаў філіялам зьнешняй выведкі Расеі і выконвае канкрэтныя задачы па вынішчэньні беларускасьці ўнутры краіны. І разьмяшчэньне расейскіх войскаў у Беларусі, і ядзерная зброя кажуць пра тое, што нейкіх спэцслужбаў, якія могуць бараніць інтарэсы Беларусі, ужо ў краіне не існуе. Кансалідацыя рэсурсаў адбываецца ня толькі ў ідэалягічным, але і ў стратэгічным пляне.
Старшыня КДБ Іван Тэртэль сказаў, што чакае сур’ёзнай эскаляцыі становішча ў рэгіёне, ён заявіў, што нібыта «на тэрыторыі Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі існуюць лягеры для падрыхтоўкі баевікоў, якія плянуюць актывізацыю тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі». Пацьвярджэньня гэтым словам ён не прывёў.
Візыт Нарышкіна адбываецца напярэдадні пасяджэньня Найвышэйшага дзяржаўнага савету так званай «саюзнай дзяржавы» з удзелам Пуціна і Лукашэнкі, якое заплянавалі на 6 красавіка ў Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня КДБ Беларусі заявіў пра затрыманьне грамадзян Польшчы і краін Балтыі нібыта за агентурныя апэрацыі