«Я прапаную вам арыентавацца на тлумачэньні Ўладзіміра Пуціна, якія ён зрабіў у інтэрвію Паўлу Зарубіну. Ён пра гэта там казаў», — цытуе ТАСС прадстаўніка Крамля.
Уладзімір Пуцін у інтэрвію тэлеканалу «Россия 24», паказаным 25 сакавіка, заявіў, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе завершана будаўніцтва спэцыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі. «Мы не перадаем (ядзерную зброю. — BPN). Мы ў прынцыпе робім усё, што яны (ЗША. — BPN) робяць дзесяцігодзьдзямі. Яны маюць яе ў многіх краінах-саюзьніках, рыхтуюць носьбіты і экіпажы. Тое ж самае зьбіраемся рабіць і мы», — сказаў прэзыдэнт РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю28 сакавіка прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што «навучаньне беларускіх пілётаў, здольных кіраваць самалётамі з спэцыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і разьмяшчэньне ядзерных боезарадаў на тэрыторыі Беларусі безь перадачы Менску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналёгій, ніякім чынам не супярэчаць палажэньням артыкулаў I і II Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў «пасланьні да народу і парлямэнту» заявіў, што аддаў распараджэньне аднавіць пляцоўкі, дзе былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкіАляксандар Лукашэнка, выступаючы 31 сакавіка з пасланьнем да народу і парлямэнту, выказаўся наконт кантролю над ядзернымі боезарадамі. «Усё будзе па законе і па правілах. Бескантрольнай зброі і іншага ў Беларусі няма і быць ня можа. Кіраваць усім, што ёсьць у Беларусі, будзем мы тут», — сказаў ён.
«І ня трэба сёньня казаць: „Вось толькі будуць захоўваць, будзе яшчэ нечага там. Гэта там ня наша зброя“. Гэта наша зброя, якая будзе садзейнічаць сувэрэнітэту і незалежнасьці», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Радзе бясьпекі ААН прадстаўнікі Расеі і Беларусі заявілі, што кантроль над ядзернай зброяй будзе ў МасквыУ той жа дзень прадстаўнік РФ у ААН Васіль Нябензя на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, прысьвечаным гэтаму пытаньню, зазначыў, што Масква «разьвівае супрацоўніцтва зь Беларусьсю, не парушаючы абавязаньняў». «Мы не перадаем ядзерную зброю. Размова ідзе аб перааснашчэньні самалётаў і навучаньні брыгад пры будаўніцтве сховішча на тэрыторыі Беларусі», — падкрэсьліў дыплямат.
Таксама 31 сакавіка прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў сказаў: «Навучаньне Расеяй беларускіх пілётаў, мадэрнізацыя, магчымае разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі — рэакцыя на выклікі і рызыкі, перад якімі стаіць Рэспубліка Беларусь. Кантроль застаецца ў Расейскай Фэдэрацыі».
Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.