Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча абвінавачваюць у «распаўсюдзе заведама лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». Пра гэта паведаміла пракуратура Беларусі.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Манцэвіч як кіраўнік газэты разам з іншымі з 1 студзеня 2020 году па 15 сакавіка 2023 году нібыта распаўсюджваў у друкаваным выданьні і яго інтэрнэт-рэсурсах зьвесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і органы ўлады.
«У артыкулах зьмяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясеньне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаваньне лжывых уяўленьняў аб невыкананьні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».
Манцэвічу інкрымінавалі арт. 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Найвышэйшая санкцыя гэтага артыкулу — пазбаўленьне волі на тэрмін да 4 гадоў.
Раніцай 15 сакавіка адбыўся вобшук у доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы (Менская вобласьць). Зь ім і ягонай жонкай Нінай Манцэвіч зьнікла сувязь. Пасьля стала вядома, што Манцэвіч знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
- «Рэгіянальная газэта» — вядучае недзяржаўнае грамадзка-палітычнае выданьне Маладэчна і рэгіёну, якое выходзіла з 1996 году.
- 20 студзеня суд Маладачанскага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт сайту і старонак «Рэгіянальнай газеты» у сацыяльных сетках.
- 15 сакавіка таксама прайшоў ператрус у рэдакцыі слуцкага выданьня «Інфа-Кур’ер», усіх прысутных пры ім змусілі даць падпіску аб невыдаваньні. Затрымалі галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча, а таксама Глеба Рулёва і Алега Рубчэню. 17 сакавіка Сяргея Станкевіча і Алега Рубчэню асудзілі на 15 дзён арышту кожнага за нібыта непадпарадкаваньне пры затрыманьні.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.