У Горадні судзяць вартаўніка дзіцячага садка, якога КДБ унёс у сьпіс «тэрарыстаў»

Валянцін Дуброўшчык. Архіўнае фота

53-гадовага Валянціна Дуброўшчыка абвінавачваюць па некалькі «экстрэмісцкіх» артыкулах.

Справу Валянціна Дуброўшчыка ў Горадзенскім абласным судзе разглядае судзьдзя Дзьмітрый Бубенчык.

Пра затрыманьне Дуброўшчыка праваабаронцам стала вядома 2 верасьня 2022 года. Тады паведамлялася, што горадзенца абвінавачваюць у абразьлівых камэнтарах у дачыненьні да Лукашэнкі, Караніка, а таксама расейскіх салдатаў, што ваююць ва Ўкраіне.

Валянціна Дуброўшчыка абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці і звады (ч. 1 арт. 130), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368), у паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны са студзеня 2019 года па травень 2021 года са свайго мабільнага тэлефона разьмясьціў у Telegram паведамленьні, у якіх нібыта даваў нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі, абвінавачваў яго ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, абражаў старшыню Цэнтравыбаркама Ярмошыну.

Акрамя таго, праз інтэрнэт абвінавачаны быццам заклікаў да ўдзелу ў акцыях пратэсту. 15 лютага прозьвішча Дуброўшчыка зьявілася ў сьпісе «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», які пэрыядычна абнаўляе КДБ Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хадзілі па сьпісе, аднаго вывелі з пакетам на галаве». Падрабязнасьці ператрусаў у Дзяржынску