Палкавое падразьдзяленьне БПЛА імя Мікіты Крыўцова, якое ваюе на баку Ўкраіны, заяўляе, што ў ходзе штурмавой апэрацыі беларускія байцы ўзялі ў палон расейскіх салдат.
На YouTube-канале палка Каліноўскага апублікаванае відэа, дзе адзін з палонных тэлефануе сваёй дзяўчыне, у нейкі момант там зьяўляецца і мужчынскі голас. Палонны кажа, што гэта ягоны сябар, расказвае, што патрапіў у палон, і просіць яго схадзіць у ваенкамат і запатрабаваць, каб яго ўключылі ў сьпіс на абмен. І сябар, і дзяўчына, не адразу вераць, але палонны кажа ім кодавыя праверачныя словы, і яны пераконваюцца, што гэта сапраўды ён.
Прадстаўнік палка ўдакладняе, што расейскі салдат знаходзіцца ў палоне ў беларусаў. «Мы ў чарговы раз папоўнілі абменны фонд Украіны і спадзяемся, што гэта паскорыць вяртаньне з палону нашых байцоў», – пішуць байцы палка на сваім ютуб-канале.
- У жніўні 2022 года ў расейскі палон трапілі вайскоўцы зь беларускага Палка Кастуся Каліноўскага — Ян Дзюрбейка (пазыўны «Тромбл») і Сяргей Дзёгцеў («Клешч»). Яны ўключаныя ў сьпіс на абмен.
- Падразьдзяленьне БПЛА зьявілася ў палку Каліноўскага летась. Яно названае ў гонар футбольнага фаната з Маладзечна Мікіты Крыўцова, які загінуў падчас пратэстаў 2020 году. Яго знайшлі павешаным пад Менскам. СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу.