«Яшчэ раз па пунктах. Любое спыненьне агню будзе азначаць права Расеі застацца на акупаваных тэрыторыях. Гэтага катэгарычна нельга дапусьціць. Украіна мае права перамяшчаць на сваёй тэрыторыі войскі і тэхніку так, як лічыць патрэбным. Дзіўныя „міратворцы“ выглядаюць камічна», — пракамэнтаваў прапанову Лукашэнкі ў Твітэры дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.
31 сакавіка Аляксандар Лукашэнка выступіў з пасланьнем да беларускага народу, у якім, сярод іншага, выказаў прапанову аб перамірʼі ў вайне паміж Расеяй і Украінай:
«Паспрабую рызыкнуць прапанаваць спыніць баявыя дзеяньні. Абвясьціць перамірʼе бяз права перамяшчэньня груповак войскаў і перакіданьня зброі і тэхнікі. Усё, мёртва. Замерлі», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве холадна ўспрынялі мірны плян Пэкіна аб вайне Расеі супраць УкраіныДапамога ўладаў Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны
- Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». «Спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка часам называе разьвязаны Расеяй канфлікт і вайной.
- Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
- Таксама ёсьць сьведчаньні, што Беларусь дапамагае Расеі зброяй: танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею, хоць Мінабароны Беларусі сьцьвярджае, што тэхніку вывозяць на мадэрнізацыю.
- У верасьні 2022 году беларускія ўлады абвясьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў з прычыны «неабходнасьці супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абараназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат. Паводле беларускага Мінабароны, групоўка ўключае ў сябе да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама да 170 танкаў, да 200 браняваных машын, да 100 гармат.